Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
“Мышыны год” і савіныя справы
Навіна аддзяленняў ад 29 ліпеня 2007 года
Пачынаючы з 2005 году, сябрамі Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення АПБ рэалізуецца праграма “Практычная ахова звычайных відаў соў”, якая прадугледжвае не толькі развешванне штучных гнёздаў для розных відаў соў, але і вывучэнне гнездавой экалогіі і кальцаванне птушанят менавіта вушастай савы.Пачыналася праграма з невялічкай акцыі, арганізаванай у ваколіцах Кобрына мясцовымі сябрамі аддзялення пад кіраўніцтвам Сямёна Левага і Алега Кальчанк i . Пазней межы дзейнасці былі пашыраны на Маларыцкі і Камянецкі р-ны.
Усяго за тры гады было развешана каля 70 штучных гнёздаў для вушастай савы і шэрай кугакаўкі. Для прываблівання соў галоўным чынам выкарыстоўваліся невялікія драўляныя скрыні вышынёй каля 15 см і шырынёй 30 см, якія вывешваліся на ўскрайках лясоў і населеных пунктаў, у парках і лесаахоўных палосах. Акрамя гэтага, пад гнездавыя скрыні выкарыстоўваліся таксама старыя кашы і нават вёдры і тазы!
Сёлета ў рамках праграмы праверана 16 гнёзд вушастай савы (15 у ваколіцах Маларыты і 1 ў ваколіцах Кобрына) — у 12 выпадках совы занялі штучныя гнездавыя скрыні. Колькасць яек у кладцы вар’іравала ад 4 да 7. Не гледзячы на тое, што назіраліся выпадкі знішчэння кладак крумкаватымі птушкамі, вынікі гнездавання аказаліся даволі добрымі – 56 птушанят паспяхова пакінулі гнёзды. Поспех размнажэння склаў 4,6 птушанят на актыўнае гняздо – гэта вельмі высокі паказчык. А ў адным гняздзе выгадаваліся нават 6 птушанят.
Большасць птушак, якія занялі штучныя гнёзды, выбіралі альбо драўляныя скрыні альбо старыя кашы, але адна пара аказалася сапраўдным металафілам, бо двойчы выбрала для размнажэння металічныя гнёзды. У першым выпадку птушкі занялі старое металічнае вядро, дзе адклалі яйкі, але потым, на жаль, кладку кінулі. Аднак праз колькі тыдняў тая ж пара зноў адклала кладку. На гэты раз птушкі выбралі вялізны металічны таз, у 300 метрах ад першага гнязда, дзе паспяховы выгадавалі 3 птушанят.
У гэтым годзе сябры аддзялення акальцавалі 52 птушаняты вушастай савы і 15 шэрай кугакаўкі.
Такім чынам, гэты год для вушастай савы выявіўся даволі паспяховым, а улічваючы, што гэты від харчуецца пераважна дробнымі грызунамі (а дакладней – палёўкамі), можна сцвярджаць, што гэты год — “мышыны”.
Дзяніс Кіцель, Андрэй Абрамчук,
Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне АПБ. Здымак аўтараў.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: