Гісторыя выратавання птушкі

ад 7 жніўня 2007 года

Вёска Старадубцы, што ў Кобрынскім раёне, нагадвае нечым мележаўскія Курані: балоцістыя мясціны, каларытны вясковы побыт, цесная сувязь з прыродай. Асабліва здзіўляе вялікая колькасць буслянак. Здаецца, што ў такой вёсцы павінны панаваць шчасце, нараджацца дзеці і працягваць справу бацькоў… Аднак на сёнешні дзень тут няма ніводнага школьніка. Асноўныя жыхары Старадубцаў – людзі пенсіоннага ўзросту. Жыве тут сям’я Дубіна, дзякуючы якой карэспандэнты нашай газеты сумесна з намеснікам старшыні Заходне-Палесскага аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Алегам Кальчанкам пазнаёміліся са Старадубцамі. Гісторыя выратавання птушкі

А ўсё пачалося з таго, што аднойчы малады гаспадар Уладзімір Дубіна ішоў праз вясковае поле і пачуў роспачны крык нейкай птушкі. Азірнуўся, прыслухаўся і накіраваўся на трывожны птушыны голас… І раптам натрапіў на хворага шэрага жорава. Уладзімір паклікаў на дапамогу жонку Галіну. Разам яны прынеслі небараку-птушку дадому. Што дакладна здарылася з ей, ніхто не ведаў, але выдавала хваробу кульгавая нага і стомленасць жураўля. Чулыя людзі не пакінулі яго гінуць, а нават паклапаціліся пра далейшы лёс.

Маладая сямья пражывае з бацькамі Уладзіміра, якія таксама не былі супраць часова прытуліць пакалечанага жорава. Было вырашана памясціць яго ў больш-менш зручны “вальер” на падворку – месца выгулу для парасят. Кармілі птушку зернем і кукурузай, але апетыт у жураўліка быў слабы, хвароба ўсё ж такі давала пра сябе знаць. А гаспадары-выратавальнікі адразу пачалі звяртацца ў розныя службы, якія займаюцца аховай навакольнага асяроддзя. Актыўны ўдзел у дапамозе тут прыняла суседка сям’і Дубіна – Валянціна Несцярук. Яна якраз і паведаміла, што на яе просьбы прыехаць, забраць, падлячыць птушку, каб жыла ніхто не адазваўся. Вось і атрымліваецца, што кабінетная работа гэтых самых службаў больш “важная”, чым непасрэдная ахова флоры і фаўны нашай Беларусі… Тады звярнуліся ў газету “Кобрин-информ”, а калега-журналіст гэтага выдання папрасіў нашу газету паспрыяць у вырашэнні праблемы, што мы і зрабілі, аператыўна звязаўшыся з прадстаўніком грамадскай арганізацыі “АПБ” Алегам Кальчанкам. Як-ніяк шэры журавель занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і адносіцца да другой катэгорыі рэдкіх птушак – гэта тыя віды, колькасць якіх пакуль дастаткова высокая, але катастрафічна скарачаецца, што ў будучым можа паставіць шэрых жураўлёў пад пагрозай знікнення. Як вопытны спецыяліст Алег Іванавіч растлумачыў, што перад намі птушаня, пра што сведчыць яшчэ недастаткова адрослае пер’е на канцах крылаў і памеры птушкі. Затым ён агледзеў жураўля і разам з нашым фотакарэспандэнтам Анатоліем Шугаём налажылі шыну на пашкоджаную нагу птушкі (яна была зламана).

На наступны дзень жураўліка забралі брэсцкія калегі з АПБ. Цяпер ён знаходзіцца на лячэнні ў прытулку Брэсцкага парку імя Першага мая. Дарэчы, дырэктар гэтай установы дапамог “прыстроіць” не адну птушку… Спадзяемся, што ў выратаванага жураўля ўсё будзе добра. А людзям, якія па сапраўднаму неабыякавыя да прыроды, хочацца нізка пакланіцца…

Вікторыя Патоня.

“Кобрынскі веснік” ад 30 чэрвеня 2007г.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: