Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Адбыўся рэгіянальны сэмінар лідэраў АПБ з Мінскай вобласці
Навіна аддзяленняў ад 21 жніўня 2007 года
Ва ўтульным будынку Мінскай раённай станцыі юных турыстаў “Ветразь”, якая знаходзіцца пад Мінскам, на працягу амаль двух дзён працавалі найбольш актыўныя сябры АПБ з Мядзелу, Маладэчна, Валожыну, Старых Дарог, Смалявіч, Барысаву, Слуцку, а таксама з Бярэзінскага, Пухавіцкага і Мінскага раёнаў. Акрамя дэталёвага разбору штогадовых акцый і кампаній АПБ, прысутныя распавялі пра найбольш цікавы досвед у іх арганізацыі і правядзенні.Супрацоўнік АПБ Руслан Шайкін прадставіў уласны досвед працы са СМІ, а таксама распавёў пра паспяховую кампанію па выратаванню калоніі сокала-пустальгі ў пас. Мачулішчы пад Мінскам. Пасля гэтага адбылося абмеркаванне ўласных акцый і дзве групы прадставілі магчымыя сцэнары іх правядзення.
Цікава пра магчымасць удзелу ў новым праекце АПБ па маніторынгу звычайных відаў птушак расказалі супарцоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сяргей Зуёнак і каардынатар праекту Дзьмітры Жураўлёў. Нават пачынаючыя бёдуотчары могуць зрабіць улікі тых відаў, якіх яны дакладна вызначаюць, і гэтая інфармацыя будзе карыснай і важнай.
На другі дзень сэмінару перад прысутнымі выступіла Старшыня Савету Слуцкага раённаг аддзялення АПБ Галіна Мілянцей, якая не толькі расказала пра накірункі дзейнасці свайго аддзялення, але і прадставіла досвед пастаноўкі яго на ўлік. Пра паслядоўнасць крокаў пад час пастаноўкі аддзялення на ўлік і неабходныя паперы, а таксама пра тыя нюансы, на каторыя неабходна звярнуць увагу, распавялі Сямён Левы — Старшыня Савету Барысаўскага раённага аддзялення АПБ і Дзьмітры Вінчэўскі – Старшыня Савету Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ. Прысутныя падзялілі меркаванне апошняга пра тое, што ўтварэнне мясцовага аддзялення АПБ – гэта не самамэта, але магчымасць аб’яднаць мясцовых сябраў АПБ для аховы птушак і захавання біяразнастайнасці на больш высокім узроўні.
Дзякуем гаспадарам турбазы “Ветразь” – дырэктару Вячаславу Барысевічу і метадысту Валянціне Мацюшонак – без іх дапамогі і ўдзелу сэмінар не адбыўся б, а таксама Алене Вінчэўскай – без яе трэнерскай дапамогі абмеркаванні не былі б такімі выніковымі.
Сэмінар адбыўся дзякуючы падтрымцы Швэдзкага орніталагічнага таварыства SOF і Швэдзкага агенцтва развіцця міжнароднага супрацоўніцтва SIDA.
Новых поспехаў на карысць птушак і людзей!
Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ), здымак аўтара.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: