Буслы ўсё яшчэ прыносяць дзетак!

ад 24 жніўня 2007 года

Цікавую гісторыю давялося пачуць пад час здымкаў перадачы, прысвечанай беламу буслу ў адной з вёсак на Гарадзеншчыне. Здымачная група БТ папрасіла мяне дапамагчы зняць гэтых птушак, а таксамa распавесці пра іх жыццё, колькасць, месцы зімовак і г.д. Я пагадзіўся дапамагчы і мы паехалі шукаць яшчэ не адляцеўшых у вырай птушак вакол Горадні. Як і чакалася, найбольш птушак было там, дзе і гнездавала іх найбольш. Вакол Горадні ёсць дзьве вёскі, у якіх гняздуюць па 4-5 пар белых буслоў штогод. Гэта Агароднікі і Лойкі. Буслы ўсё яшчэ прыносяць дзетак!

У Агародніках у нас атрымалася зняць маладых буслоў і на гнёздах, і ў палёце, і на скірдзе. Там мы і пачулі гэту прыгожую і праўдзівую гісторыю, якую спачатку распавялі нам сваякі, потым суседзі, а потым і шчаслівая “бабуля”. Аказалася, што ў адной маладой сям’і не было дзетак. Прайшло пяць гадоў, на даху хаты, дзе яны жылі з бацькамі на пачатку вясны забыліся зняць драбіну. Якую заўважылі белыя буслы і пачалі будаваць на даху хаты гняздо. Каб яно не звалілася ў другі бок, да драбіны прыбілі перакладзіны. Аднак ў першы год у буслоў нічога не атрымалася. На наступны год буслы прыляцелі на гэтае месца зноў. У шчаслівых маладых нарадзіўся першанец, а хутка і ў буслоў вылупіліся птушаняты. “Вось і не вер пасля старым прыслоўям!” – так каментавалі шчаслівы канец гісторыі мясцовыя жыхары.

Мы парадаваліся разам з імі – і за людзей, і за птушак. Першыя яшчэ здольныя верыць у цуды, а другія дапамагаюць іх рабіць.

У іншых вёсках на нашым шляху таксама ахвотна распавядалі пра буслоў. Цікава, што калі гаспадары падворкаў, на якіх гнездавалі буслы, былі ў хатах, суседзі саступалі права распавесці пра “сваіх” птушак менавіта ім. Так, у вёсцы Казіміроўка паказалі гняздо буслоў на старой грушы, якому ўжо больш за 40 гадоў. А ў в.Гумбачы ў гняздзе на даху адрыны птушкі паспяхова выводзяць птушанят ужо 23 гады. У некаторых вёсках паказвалі месцы, дзе гнёзды белых буслоў па нейкіх прычынах абваліліся – ці то ад моцнага ветру, ці ад старасці (бо ўвесь час павялічваюцца і з часам пачынаюць важыць больш, чым гнездавая апора можа вытрымаць). І там мясцовыя жыхары распавядалі пра свае планы дапамагчы птушкам – зрабіць новую платформу для гнязда.

Таму за бліжэйшую будучыню белых буслоў і людзей на Гарадзеншчыне можна не турбавацца…

Дзьмітры Вінчэўскі, Горадня, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ

На здымку аўтара: аператар БТ здымае знакамітае гняздо белага бусла ў в.Агароднікі.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: