Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Аб карысці фотаграфавання
Навіна аддзяленняў ад 3 верасня 2007 года
У нядзелю, пасля абеду, пад час чарговага наведвання ачышчальных сажалак Гроднаводаканала, якія знаходзяцца паміж вв. Зарачанка і Беражаны (Гродзенскі р-н), сябра АПБ і фотамастак Мікалай Гулінскі зрабіў некалькі “дзяжурных” здымкаў адной з сажалак. На ёй харчаваліся некалькі відаў кулікоў, якія, аднак, не падпусцілі яго бліжэй, чым на 60-70 м, а потым і ўвогуле пераляцелі на іншыя вадаёмы з нізкім узроўнем вады.Ужо сёння, пад час прагляду здымкаў на кампутары, аказалася, што сярод даволі звычайных пад час міграцыі кулікоў-баталёнаў і цякуноў, адзін кулік адрозніваўся вельмі светлай афарбоўкай апярэння. Невялікія памеры, чорная дзюба і выразнае чорнае вока з дапамогай вызначальніка дапамаглі пацвердзіць здагадку, што гэта — кулік-пясчанка (Calidris alba) .
Гэта – першая рэгістрацыя віду на Гарадзеншчыне. Гэтыя кулікі гняздуюцца выключна ў арктычнай тундры, а пад час міграцый звычайна ляцяць уздоўж марскіх узбярэжжаў і толькі зрэдку залятаюць у глыб кантыненту.
Прыемна адзначыць, што за апошнія два гады значна павялічылася колькасць цікавых назіранняў птушак на Гарадзеншчыне. Адбываецца гэта дзякуючы павелічэнню колькасці сябраў АПБ ў рэгіёне і дасведчаных бёдуотчараў сярод іх.
Гэтая навіна стала магчымай дзякуючы Клубу200 АПБ і яго сыстэме СМС паведамленняў аб цікавых назіраннях птушак. Маеце жаданне далучыцца да самых актыўных бёдуотчараў Беларусі, атрымліваць і дасылаць паведамленні аб цікавых назіраннях? – уступайце ў Клуб200! Падрабязнасці тут: http://ptushki.org//index.php?area=1&p=static&page=club200
Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, Горадня
Здымак Мікалая Гулінскага: маладая пясчанка крайняя справа.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: