"Тупік" знайшоў Гагача.

ад 9 верасня 2007 года

Пад час спаборніцтваў на чарговым чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі адна з трох камандаў з Горадні "Тупік", на працягу 20 хвілін назірала даволі рэдкую ў Беларусі, і асабліва на Гарадзеншчыне, птушку: чорнаваллёвага гагача (Gavia arctica). Птушка была заўважана ў затоцы Нёману недалёка ад вёскі Беражаны. Трэба адзначыць, што гагач ёсць вельмі рэдкім для Беларусі гняздуючым відам: вядомы адзінкавыя гнездаванні толькі ў паўночнай частцы краіны, зрэдку пад час транзітных міграцый можа залятаць на вадаёмы і ў іншыя часткі Беларусі.

Цікава тое, што затока не вызначалася зацішшам — на яе берагах размясціўся добры тузін рыбакоў, але з іншага боку, гэта сведчыць пра наяўнасць шматлікай рыбы, якая складае асноўную частку харчавання гэтага віду птушак. Было вельмі цікава назіраць, як гагач няўмела выпаўзаў на бераг, пад час адпачынку на якім і атрымалася зрабіць некалькі здымкаў.

Слушна заўважыў адзін з удзельнікаў каманды: "Сустрэча была такая нечаканая і ўражваючая, што, напэўна, нават перамога ў спаборніцтвах не параўнуецца з ёй, таму мы занялі сваё першае месца". Дарэчы, мы былі адзінай камандай, якая знайшла пад час чэмпіянату гэтую прыгожую птушку.

Яўген Сліж, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, Горадня

Здымак гагача Ўладзіслава Гаўрусіка.

Афіцыйныя вынікі чэмпіянату гл. тут:

http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=265


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: