Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Восеньскія назіранні птушак на Берасцейшчыне
Навіна аддзяленняў ад 10 кастрычніка 2007 года
Мінулыя выходныя сябры АПБ з Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення як і тысячы іншых аматараў птушак — дзетак і дарослых, правялі, назіраючы за нашымі крылатымі сябрамі — птушкамі. У Восеньскіх назіраннях птушак-2007 на Берасцейшчыне прынялі ўдзел больш за 130 чалавек: настаўнікі і вучні, студэнты і навукоўцы, ўсе разам назіралі птушак, насалоджваліся добрым восеньскім надвор’ем.І хаця птушак было адзначана не так шмат, усяго каля 50 відаў, нас не абмінулі цікавыя сустрэчы. Так, пад час экскурсіі па Брэсцкай крэпасьці ўдалося убачыць малую чайку і пачуць зімародка. Дзяніс Кіцель і Алег Кальчанка пад час экскурсій ў розных месцах, разам з дзеткамі назіралі і нават чулі еўрапейскіх юркоў, птушак якія ужо даўно павінны былі адляцець ў вырай. Зараз больш верагодна адзначыць звычайнага юрка, якога дарэчы таксама бачылі пад час назіранняў, чым еўрапейскага. Найбольшую колькасць экскурсантаў арганізаваў Алег Кальчанка з Кобрына. Ён правёў экскурсію адразу для трох 8-х класаў адной са школ. Групе пад кіраўніцтвам Віктара Ліхвана на ачышчальных сажалках г.Кобрына ўдалося назіраць адну з самых рэдкіх птушак Беларусі – белавокага нырка. Сябры аддзялення пад кіраўніцтвам Сяргея Абрамчука былі на экскурсіі ў ваколіцах балота Ельня (Віцебшчына), дзе сярод іншага адзначылі чараду з прыкладна тысячы шэрых жураўлёў. Вадзім Пракапчук арганізаваў экскурсію для дзетак з Лунінеччыны.
Сябры аддзялення віталі восень ў Брэсце, Кобрыне, Дывіне, Маларыце, Страдзечах, Заказанцы, Олтушы, Лунінцы, на балоце Ельня і ў іншых месцах нашай краіны – разам, для птушак і людзей!
Андрэй Абрамчук, Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: