Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Персанальная фотавыстава ганаровага сябра АПБ Георгія Гулеўскага
Навіна аддзяленняў ад 25 кастрычніка 2007 года
Учора зачынілася персанальная фотавыстава вядомага гарадзенскага фотамастака і ганаровага сябра АПБ Георгія Гулеўскага. Выстава пад назвай “Остановись, мгновенье!” з 1 верасня працавала ў холе былога Дома афіцэраў, што на вул. Ажэшкі ў Горадні і была арганізавана пры ўдзеле Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ. На 25 здымках былі прадстаўлены не толькі птушкі: поплаўныя луні, чорны бусел, авяльга, крыжадзюбы, кулікі-селянцы, бакас і вялікая белая чапля – хоць іх было найбольш, але і іншыя нашы жывёлы – звяры, павукі, насякомыя. І нават нечаканыя і прыгожыя краявіды Гарадзеншчыны выдатна пасавалі да агульнага настрою фотавыставы – наша прырода адкрывае свае таямніцы і хараство. Але толькі тым, хто хоча яго ўбачыць.Георгій Васільевіч Гулеўскі, якога большасьць сяброў і знаёмых ведае як Жоржа, нарадзіўся 18 чэрвеня 1941 г. ў Курскай вобласьці Расіі.
У 15 год на першыя заробленыя грошы купіў ружжо і бінокль, бо з дзяцінства цікавіўся прыродай.
Праз год, калі ўжо вучыўся ў ПТВ, бацькі хацелі купіць яму касьцюм, але ён у краме ўбачыў першы савецкі “Фотаснайпер” і настаяў, каб купілі менавіта яго, а не вопратку. З таго часу і пачалося фотапаляваньне, якое спачатку спрабаваў сумяшчаць з паляваньнем, але ўрэшце-рэшт перамаглі фотаздымкі. Такім чынам, Георгій Васільевіч – фотапаляўнічы з 50-гадовым досведам!
Пасьля арміі працаваў у Краснаярскім краі, на Далёкім Усходзе ля возера Ханка, у Тульскай вобласьці, пакуль, нарэшце, на запрашэньне сястры жонкі сям’я не пераехала ў 1971 г. ў Горадню. Спачатку ўладкаваўся на хлебакамбінат, але яго артыкулы пра прыроду ў “Гродзенскай праўдзе”, якія заўсёды ілюстраваў ўласнымі фотаздымкамі, прыцягнулі ўвагу кіраўнікоў мясцовага тэлебачаньня, куды ён і быў запрошаны ў 1972 годзе. Праз 3 гады працаваў фотакорам, а калі там з’явілася першае відэа, пачаў засвойваць прафэсію апэратара. Так і застаўся працаваць на Гарадзенскім абласным ТБ да сыходу на пенсію — аператарам, а апошнія 2 гады і кіраўніком-вядучым прыродазнаўчай праграмы для дзетак “Леснічоўка Катафея”.
Але акрамя прафэсійнай дзейнасьці праз увесь гэты час працягваў здымаць прыроду, і асабліва птушак на фота- і кінакамеру. У канцы 1970х для студыі Беларусьфільм, удзельнічая ў комплекснай экспэдыцыі Інстытуту заалёгіі АН па вывучэньню Палесься, зняў дзвюхсэрыйны фільм “Рэдкія птушкі Палесься”. Праз 30 год яго здымкі друкаваліся ў часопісе “Прырода Беларусі”, яго артыкулы пра прыроду выходзілі на старонках “Гродзенскай праўды”, а зараз ў “Міліцэйскім весніку” і “Лесавіку”. Удзельнічаў у афармленьні некалькіх кніг і фотаальбомаў, яго інфармацыя выкарыстана пры падрыхтоўцы Чырвонай кнігі Беларусі 1993 г. выданьня.
Георгій Васільевіч быў сябрам Усесаюзнага арніталягічнага таварыства, потым сябрам Беларускага арніталягічнага таварыства і Заходне-Беларускага таварыства аховы птушак, зараз актыўны сябра АПБ. І цяпер ён працягвае свае назіраньні за птушкамі Гарадзеншчыны, робіць іх выдатныя здымкі, якія часта з’яўляюцца ў выданнях АПБ і нашым сайце. У 2005г. ён перамог у конкурсе АПБ “Птушка ў аб’ектыве”. А яшчэ выхоўвае маленькую дачку.
Дзякуем за дапамогу ў арганізацыі фотавыставы Ларысе Кухарэнка.
25-10-2007
Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, Горадня
Георгій Гулеўскі на здымку Мікалая Гулінскага (АПБ)
Падзяліся артыкулам у сацсетках: