Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Віншуем Дзьмітрыя Вінчэўскага з перамогай у фотаконкурсе «Беларусь, якую мы заўтра не ўбачым»
Навіна аддзяленняў ад 26 кастрычніка 2007 года
Творчае спаборніцтва праходзіла ў межах медыя-кампаніі «Журналісты за гістарычную спадчыну», якую ладзіць Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Свае адзнакі канкурсантам выставіла журы, а таксама наведвальнікі інтэрнэт-старонкі медыя-кампаніі.Удзел у фотаконкурсе прынялі 35 аўтараў з усіх куткоў Беларусі. Агулам яны прадставілі 87 фотаздымкаў. Пра агульны ўзровень работ гаворыць той факт, што 30 з іх былі названыя сябрамі журы сярод лепшых.
На запрашэнне арганізатараў у склад журы конкурса ўвайшлі наступныя эксперты: Сяргей Плыткевіч (Мінск), Уладзімір Багданаў (Мінск), Юры Дзядзінкін (Мінск), Аляксандр Муждабаеў (Наваполацк), Уладзімір Базан (Віцебск).
Кожны з сябраў журы вызначыў дзесяць лепшых, на яго думку, работ. Паводле галасавання кожнага з экспертаў за першае месца налічвалася 10 балаў, за другое — 9 і гэтак далей.
У выніку 1 месца ў фотаконкурсе падзялілі Дзьмітры Вінчэўскі за фотаздымак «Экскаватарная рэканструкцыя. Горадня, ХХІ стагоддзе» і Андрэй Елісееў за работу «З карчмы». Абедзве работы набралі па 26 балаў.
2 месца заняў Андрэй Рогач («Акаянныя»), які набраў 25 балаў.
На 3 месцы з сумай 24 балы апынуўся Эрнст Цецярэўскі («Набажэнства ў Будславе»).
Паводле рашэння аргкамітэту фотаконкурса, спецыяльныя ўзнагароды конкурса таксама атрымаюць Юлія Дарашкевіч (фота «Зэмбін») і Дзяніс Раманюк (фота «Абрад пакланення крыніцы»). Абедзве работы па выніках галасавання сябраў журы набралі па 15 балаў і падзялілі 4 месца.
Вельмі актыўна праходзіла і галасаванне на Інтэрнэт-старонцы медыя-кампаніі «Журналісты за гістарычную спадчыну». Старонка з фотаздымкамі, якія былі дасланыя на конкурс, была прагледжана 2.367 разоў. Наведвальнікі пакінулі агулам 685 галасоў.
Па выніках галасавання пераможцам стаў Віталь Раковіч з работай «Цяжкае блізкае неба». Усяго за гэты фотаздымак было пакінута 16 галасоў, а сярэдняя адзнака за яго склала 4,9 балы з 5 магчымых. Такім чынам, гэты аўтар становіцца ўладальнікам прыза сімпатыяў гледачоў.
Усе лаўрэаты конкурса атрымаюць прызы ад «Беларускай асацыяцыі журналістаў». Дата і месца ўганаравання пераможцаў будуць вызначаныя ў бліжэйшы час.
Крыніца: http://spadchyna.ximik.info/modules.php?name=News&file=article&sid=118
Падзяліся артыкулам у сацсетках: