Гарадзенцы перамаглі ў конкурсе на лепшае рэгіянальнае аддзяленне АПБ

ад 28 лістапада 2007 года

З мінулага году пачаў праводзіцца штогадовы конкурс сярод рэгіянальных аддзяленняў нашай арганізацыі. Як вядома, такіх рэгіянальных структур у АПБ ужо адзінаццаць – апошнім было зарэгістравана Барысаўскае раённае аддзяленне (Мінская вобласць). У першым, мінулагоднім конкурсе, перамагло з невялікім адрывам Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне. У гэтым годзе шчасце ўсміхнулася Гродзенскаму абласному аддзяленню, якое, дарэчы, сёлета адзначала свой першы пяцігадовы юбілей

Дзейнасць сябраў АПБ у аддзяленнях ацэньвалася па 23 розных крытэрах: ад колькасці ўдзельнікаў у конкурсах і кампаніях АПБ з тэрыторыі, на якую распаўсюджваецца дзейнасць адзялення і колькасці пераможцаў і прызёраў у конкурсах АПБ, да колькасці артыкулаў, выступленняў, упамінанняў аддзяленняў у СМІ і інтэрнэце і дапамогі іншым аддзяленьням (колькі чалавек дапамагала ў арганізацыі і правядзеньні мерапрыемстваў у інш. рэгіёнах). Такім чынам, за кожны крытэр можна было максымальна атрымаць 10 балаў – калі вынік быў найбольшы. Вынікі іншых ацэньваліся ў %-балах ад максымальнага. Пры параўнанні вынікаў розных аддзяленняў паміж сабой вельмі добра бачныя тыя бакі дзейнасці, ў якіх аддзяленне недапрацоўвае. Як і тыя, дзе яно дзейнічае найлепш. Таму такі конкурс не толькі дае стымул да павелічэння і паляпшэння дзейнасці ў рэгіёнах. Але і дазваляе параўнаць актыўнасць сябраў АПБ у розных месцах Беларусі.

 

 

Гродзенскае абласное аддзяленне перамагло з вынікам у 175,7 бала, што толькі на 7,9 бала лепш, чым вынік Заходне-Палескага, але амаль на 100 балаў больш, чым вынік (78,9) Шумілінскага раённага аддзялення, якое заняло трэцяе месца.

 

 

Трэба адзначыць, што вынікі дзейнасці Слонімскага і Наваградзкага раённых аддзяленняў падводзіліся асобна і не дадаваліся да "абласных".

 

 

Дзякую ўсім сябрам АПБ з Гарадзеншчыны і віншую з заслужанай перамогай. Але без нашых сябраў з іншых рэгіянальных аддзяленняў, і асабліва з Заходне-Палескага рэгіёну, без духа сапраўднага спаборніцтва, суперніцтва на карысць птушак і людзей проста не адбылося б. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што ў такіх спаборніцтвах перамагаюць усе.

 

 

28-11-2007

Дзьмітры Вінчэўскі, Старшыня Рады Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ

 

 

Здымак аўтара з супольнай экскурсіі сябраў АПБ на пяцігоддзе Гродзенскага абласнога аддзялення.

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: