Гарадзенскія фотаанімалісты лепшыя

ад 28 лістапада 2007 года

Незадоўга перад з’ездам АПБ журы падвяло вынікі фотаконкурсу “Птушка ў аб’ектыве”, які праводзіцца штогод. Перамога гарадзенскіх фотамастакоў атрымалася амаль поўнай. У галоўнай катэгорыі “Птушкі ў прыродзе” перамог Мікалай Гулінскі з серыяй фотаздымкаў “Зімародак”. Другое і трэцяе месцы атрымалі адпаведна працы Георгія Гулеўскага і Дзьмітрыя Якубовіча (таксама сябры АПБ з Горадні). У катэгорыі “Птушкі і краявід” перамог Георгі Гулеўскі з фотаздымкам вялікіх савукоў на зімовай нёманской вадзе, падсвечанай зыходзячым сонцам, пад назвай “Вясна на падыходзе”. Другое месца заняла серыя фотаздымкаў Мікалая Гулінскага. А на трэцім месцы апынуўся былы гарадзенец Аляксандар Вінчэўскі!

У катэгорыі “Арнітолагі” трыюмфавала сям’я Вінчэўскіх — таксама з Горадні. Здымак Алены Вінчэўскай “Змена падрастае” заняў першае месца, а Дзьмітры Вінчэўскі апынуўся на трэцім з працай “Супермадэлі”. Другое месца заняў здымак Вольгі Іванюцінай з Мінску.

У катэгорыях “Ахова птушак” і “Юніорскі кадр”, на якія былі дасланы літаральна адзінкавыя працы, перамаглі адпаведна Андрэй Абрамчук (Брэст) і Дзяніс Іванюцін (Мінск).

Сапраўды высокі ўзровень фотаздымкаў гарадзенскіх сябраў АПБ не пакінуў шанцаў на прызавыя месцы іншым фотамастакам, а на праведзеным пад час з’езду АПБ галасаванні ўдзельнікаў гэтага форуму з усёй Беларусі перамога была нават ўмацавана. Бо перамог здымак гарадзенца – “Поплаўны лунь” Георгія Гулеўскага атрымаў найбольш галасоў, за што і быў узнагароджаны прызам глядацкіх сымпатый. Дарэчы, менавіта гэты здымак упрыгожвае вокладку чарговага нумару сяброўскага часопіса АПБ “Птушкі і мы”.

Далейшых поспехаў на карысць птушак і людзей!

28-11-2007

Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ), Горадня

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: