Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У нас ёсць гасцініца… для птушак!
Навіна аддзяленняў ад 5 снежня 2007 года
Адным з галоўных пастаянных пректаў Слонімскага аддзялення грамадскай арганизацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” было і застаецца ўтрыманне гасцініцы для птушак “Ластаўка”, афіцыйнае адкрыццё якой адбылося вясной мінулага года ў рамах “Тыдня птушак у Слоніме-2006”. Галоўнай мэтай, дзеля якой функцыянуе гэтая не маючая ў Беларусі падобных сабе ўстанова, з`яўляецца рэабілітацыя дзікіх птушак, якія патрапілі ў небяспеку. Знаходзіцца прытулак у будынку Слонімскай станцыі юных натуралістаў, і з`явіўся ён якраз з ініцыятывы дырэктара СЮН Наталлі Блізнюк. Дзякуючы падтрымцы супрацоўнікау станцыі і сяброў Слонімскага аддзялення АПБ гасцініца “Ластаўка” актыўна працуе ўжо другі год. Хто толькі не пабываў у клапатлівых руках яе гаспадароў: савяняты і галубы, гракі і каршун, буслы і верабей, нават свіргуль і лебедзь-шыпун!
Вядома, што ўтрыманне дзікіх птушак – справа няпростая. Галоўная праблема датычыцца, безумоўна, кармоў, якіх часта не хапае, асабліва калі ў “Ластаўцы” жывуць драпежныя птушкі ці буслы, якім патрэбны, адпаведна, мяса і дробная рыба. За дапамогай мы звяртаемся да слонімцаў, якіх запрашаем на экскурсіі (яны бясплатныя), і ў мясцовую інспекцыю па ахове жывёльнага і расліннага свету.
Зусім імаверна, што менавіта дзякуючы такому арыгінальнаму праекту, як гасцініца для птушак, Слонімскае аддзяленне АПБ стала першым у краіне, пра якое ўжо напісана нават у кнігах. Пагартайце «фаліянт» «Пресс-тур в глубинку», які выйшаў у адным са сталічных выдавецтваў яшчэ ў мінулым годзе. У раздзеле, прысвечаным Слонімшчыне, пра “Ластаўку” вы знойдзеце там цэлы артыкул!
05-11-2007
Святлана Пракоф`ева, Старшыня савета Слонімскага раённага аддзялення АПБ.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: