Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Сустрэча ва ўніверсітэцкіх сцянах
Навіна аддзяленняў ад 5 снежня 2007 года
4 лістапада 2007г. у рамках заняткаў заалагічнага гуртка студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы адбылася інтэрактыўная прэзентацыя дзейнасці грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Падрыхтавалі яе не толькі студэнты і выкладчыкі ГрДУ – сябры АПБ, але і найбольш актыўны назіральнік птушак з Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту, студэнт 3 курсу Дзяніс Табуноў. Менавіта з яго прэзентацыі “Як людзі назіраюць за птушкамі” і пачалася сустрэча, на якую прыйшлі больш за 30 студэнтаў-біёлагаў, а таксама выкладчыкі і лабаранты.[SCREEN:0] Пра АПБ і магчымасці развіцця і рэалізацыі сваіх цікаўнасцяў і здольнасцяў у яе шэрагах менавіта для студэнтаў, расказаў Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і выкладчык ГрДУ Дзьмітры Вінчэўскі. Палявыя летнікі, сэмінары і трэнінгі, праекты, акцыі і кампаніі нашай арганізацыі адкрыты для ўдзелу ўсіх сябраў арганізацыі,а тым больш — для студэнтаў і аспірантаў. Многія на здымках з летнікаў ды іншых мерапрыемстваў пазнавалі сябе або сваіх сяброў па студэнцкай парце.
[SCREEN:1] Аднак студэнты пад час сустрэчы былі не толькі слухачамі. Арганізатараў цікавілі і іх погляды на магчымыя мерапрыемствы і далейшыя сустрэчы. Таму спачатку кожнаму прапанавалася напісаць па два ўласных меркаванні найбольш карыснага баўлення часу разам з АПБ. А потым аб’яднаўшыся ў мінігрупы, студэнты выбіралі з усіх прапаноў пяць найбольш цікавых і значных.
[SCREEN:2] Менавіта гэтыя прапановы і з’явіліся, пасля іх прэзентацыі прадстаўнікамі кожнай мінігрупы, адным з галоўных вынікаў сустрэчы. На непрацяглы час студэнты былі пагружаны ў канкрэтную камандную працу, былі вымушаны дамаўляцца паміж сабой і браць на сябе частку адказнасці. Менавіта гэтыя рысы і адрозніваюць працу найлепшых грамадзкіх арганізацый, да якіх адносіцца АПБ. І да якой — пасля гэтай сустрэчы — далучацца новыя сябры.
[SCREEN:3] Дарэчы, большасць прысутных “прагласавала” за добрую і выдатную адзнакі для сустрэчы (гл. апошні здымак).
Дзякуем усім выкладчыкам біяфаку ГрДУ, дзякуючы якім гэтая сустрэча адбылася, а найперш Вользе Янчурэвіч, Алегу Созінаву і Аляксандры Рыжай.
Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня.
Здымкі Кацярыны Насута.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: