Гомельшчына галасуе за птушак

ад 22 лютага 2018 года

Прайшоў першы тур галасавання: у гарачай барацьбе перамаглі тры кандыдаты, якія паспаборнічаюць за званне сімвала раёна. Ты можаш прагаласаваць за птушку-абранніцу да канца лютага!

У рабочым пасёлку Бальшавік 9 лютага адбыўся першы тур галасавання за крылаты сімвал Гомельскага раёна. Кандыдатамі маглі быць або вельмі распаўсюджаныя ў раёне птушкі, або рэдкія, якія знаходзяцца пад аховай. Прычым птушка мусіла быць знаёмая мясцовым жыхарам і мець пазнавальную знешнасць.

Птушыны стэнд

Кандыдатаў высоўвалі прадстаўнікі 12 раённых школ і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна. Была нават агітацыя за дзвюх птушак – сойку і лебедзя шыпуна, якую зладзілі школьнікі з вёскі Рудня Целяшоўская.

Акрамя названых птушак, у спіс кандыдатаў трапілі вялікая сініца, белы і чорны буслы, сарока, вялікі дзяцел, шпак, звычайная туркаўка, шызы голуб, шэрая курапатка, амялушка і вялікая белая чапля.

Раман Шпанькоў

У першым туры адмысловае журы, у якое ўвайшлі прадстаўнікі ўстановаў і арганізацый Гомельскага раёна, выбірала трох птушак, якія пяройдуць у наступны тур. Выбіралі доўга, рашэнне давалася відавочна нялёгка, але ў выніку ў фінальны тур галасавання выйшлі чорны бусел (кандыдат ад аграгарадка Урыцкага, прадстаўлены дзесяцікласнікам Раманам Шпаньковым), вялікая белая чапля (кандыдат ад Цэнтра творчасці, прадстаўлены пяцікласніцамі Дар’яй Трыфанавай і Любоўю Загараднюк) і вялікі дзяцел (кандыдат ад вёскі Даўгалессе, прадстаўлены адзінаццацікласніцай Людмілай Закружнай).

Любоў Загараднюк і Дар’я Трыфанава са сваёй настаўніцай Н.С. Шастаковай

А цяпер праходзіць інтэрнэт-галасаванне на сайце райвыканкама: з трох гэтых птушак будзе абраны крылаты сімвал Гомельскага раёна.

Аддаць свой голас можна да 28 лютага. Галасаванка знаходзіцца па спасылцы ўнізе старонкі. Далучайся да галасавання і ты!

Паводле Максіма Шастакова, сябра Савета Гомельскага рэгіянальнага аддзялення АПБ

Фота аўтара



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: