10 цікавых фактаў пра шчыгла

ад 24 снежня 2017 года

 1. Берасцянкі, зелянушкі і чыжы – найбліжэйшыя родзічы шчыгла сярод беларускіх птушак.

2. Шчыгел жыве на ўсёй тэрыторыі Беларусі круглы год. Паводле дадзеных кальцавання, некаторыя шчыглы дажываюць да 14 гадоў!

Шчыгел

3. Самцы і самкі амаль не адрозніваюцца. Адзіная адметнасць самкі ў тым, што чырвоная пляма на яе галаве трохі меншая, чым у самца. У маладых птушак на галаве ўвогуле няма чырвоных пёраў.

4. Гняздо ў выглядзе акуратнай місачкі з моху і лішайнікаў, павуціння будуе толькі самка ў кронах дрэваў ў садах, парках, на ўзлесках і ў прыдарожных палосах. Гняздо высцілаецца пухам з раслін. У кладцы 4–5 яек, якія самка выседжвае прыкладна два тыдні, столькі ж часу выкормліваюцца птушаняты ў гняздзе і яшчэ тыдзень пасля вылету. За красавік-чэрвень пара паспявае вывесці два вывадкі.

5. Завостраная моцная дзюба дапамагае шчыглу даставаць насенне з калючых кошыкаў лопуху, чартапалоху і асоту. Рацыён шчыгла ўзімку складаецца з насення пустазелля, а ўвесну і летам птушкі збіраюць насякомых сабе і птушанятам. Асабліва яны любяць тлю з маладых парасткаў дрэваў.

Шчыгел

6. Шчыгел лічыцца адным з найлепшых спевакоў. У ягоных звонкіх песнях спецыялісты вылучаюць больш за 20 варыяцый.

7. Галоўныя пагрозы для шчыгла – скарачэнне плошчы зялёных зонаў у гарадах, нястача корму – насення – узімку праз суцэльную касьбу газонаў і пустазелля ў населеных пунктах, небяспека ад свойскіх і бадзяжных катоў.

8. «Шчыгел» –раман амерыканскай пісьменніцы Донны Тарт, які атрымаў прэстыжную Пулітцараўскую прэмію 2014 года. Раман названы ў гонар карціны знакамітага галандскага мастака Карэла Фабрыцыуса «Шчыгел», якая грае важную ролю ў лёсе галоўнага героя.

Шчыгел“Шчыгел” Карэла Фабрыцыуса (фота з сайта artchive.ru)

9. Антоніа Вівальдзі ў канцэрце для флейты до мажор «Il Gardellino» перадаў голас шчыгла з дапамогай флейты.

10. Паводле легенды, гэтая птушка выдрала скрываўлены шып з цярновага вянца Хрыста, праз гэта ўсе шчыглы пазначаны чырвонай плямай. Як указанне на сувязь паміж увасабленнем Хрыста і яго пакутамі, шчыгол можа прысутнічаць у руцэ Немаўляці, як, напрыклад, на карціне «Мадонна са шчыглом» Рафаэля.

Мадонна са шчыглом«Мадонна са шчыглом», Рафаэль (фота з сайта http://www.uffizi.org)



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: