Як у Брэсце кальцавалі птушанят пустальгі

ад 3 чэрвеня 2020 года

Сокал-пустальга – негалосны птушыны сімвал Брэста. Тут, побач з чалавекам, гняздуецца каля 50 пар гэтай грацыёзнай драпежнай птушкі, уключанай у Чырвоную кнігу Беларусі.

Сокал-пустальга

Сокал-пустальга

Многія з нас палюбілі пустальгу дзякуючы анлайн-трансляцыям з двух гнёздаў. Увага шматлікіх спецыялістаў і проста звычайных прыхільнікаў дзікай прыроды прыкаваная да штодзённага жыцця гэтых пар у Брэсце і падзей, што адбываюцца з iмi. Ужо 11 гадоў запар мы маем шанец назіраць за жыццём птушанят, якое яшчэ не так даўно было таямніцай для шырокага кола людзей.

Анлайн-трансляцыі ў Брэсце вядуцца з двух гнёздаў

Анлайн-трансляцыі ў Брэсце вядуцца з двух гнёздаў

Штогод спецыялісты Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ праводзяць у Брэсце маніторынг і ўлікі пар, якія гняздуюцца, і іх гнёздаў, а таксама кальцуюць птушанят. Вось і сёлета каманда з сябраў АПБ (Яўген Місіюк і Анастасія Сяргеева) на чале з Аляксандрам Мінічам вырашылі 27 траўня правесці кальцаванне першых чатырох птушанят з гнязда № 2.

Шматпавярховыя дамы на вуліцы Гаўрылава - адно з самых улюбёных месцаў гнездавання сокала-пустальгі ў Брэсце

Шматпавярховыя дамы на вуліцы Гаўрылава — адно з самых улюбёных месцаў гнездавання сокала-пустальгі ў Брэсце

Сустракаемся каля дома па вуліцы Гаўрылава, дзе ў штучных нішах тэхнічнага паверха знаходзяцца два гнязды сокала-пустальгі, з якіх і вядзецца анлайн-трансляцыя. Сакалы ніколі не будуюць уласных гнёздаў. Яны займаюць старыя гнёзды воранавых або ахвотна селяцца ў горадзе, дзе выбіраюць нішы ў шматпавярховых будынках.

У гняздзе № 1 птушаняты з’явіліся ўсяго некалькі дзён таму. Яны яшчэ малыя і турбаваць іх нельга. А вось на гняздзе № 2 птушаняты вылупіліся прыкладна 2 тыдні таму. Яны падраслі, памацнелі, некаторыя нават у стане заглынуць палёўку цалкам і самастойна. Гэтыя птушаняты і ёсць аб’ект нашай зацікаўленасці і навуковага даследвання. Акурат іх мы і плануем сёння кальцаваць.

Птушаняты гатовыя да кальцавання

Птушаняты гатовыя да кальцавання

Падымаемся на дванаццаты паверх. Сокал-пустальга любіць гнездавацца як мага вышэй. Нават па-нямецку птушка называецца Turmfalke, што даслоўна можна перакласці як “вежавы сокал” або “сокал, які гняздуе на вежах”.

Па дадатковай лесвіцы трапляем на тэхнічны паверх. Нашае знаходжанне на паверсе ўзгоднена з уладальнікам дома.

Пятляючы па цёмных памяшканнях тэхнічнага паверха, мінаючы цеплатрасы, нарэшце трапляем да неабходнай нішы, дзе знаходзіцца гняздо № 2 і чатыры птушаняты, якіх мы плануем кальцаваць.

Кольцы для пустальгі

Кольцы для пустальгі

Кароткая падрыхтоўка, кольцы напагатове, і Аляксандр Мініч пачынае даставаць птушанят. Усё трэба зрабіць вельмі хутка і асцярожна, каб не вельмі турбаваць маленькіх сакалянят. Аляксандр – дасведчаны спецыяліст. Больш за 10 гадоў ён назірае за пустальгой у Брэсце: збірае дадзеныя, знаходзіць новыя гнёзды, ратуе птушанят, кальцуе птушак, ладзіць анлайн-трансляцыю і шмат чаго яшчэ дзеля ратавання і захавання віду ў горадзе.

Аляксандр Мініч кальцуе першае сакаляня ў гэтым сезоне

Аляксандр Мініч кальцуе першае сакаляня ў гэтым сезоне

Птушаняты ў руках Аляксандра знаходзяцца не больш за хвіліну: хуткі агляд, кольцы надзяваюцца на цэўку, фота на памяць і птушка вяртаецца ў гняздо. У гаманлівых пушыстых камячкоў ужо паяўляецца першае пер’е.

Першая птушка з кальцом

Першая птушка з кальцом

Птушаняты так і імкнуцца зачапіцца за пальцы моцнай дзюбай або кіпцюрамі, у якіх ужо добра бачныя рысы будучых драпежнікаў. Сокал-пустальга – сапраўдная “жывая мышалоўка”. Адна пара гэтых драпежных птушак у стане знішчыць да 30 палёвак за дзень, аказваючы гэтым неацэнную дапамогу нашай сельскай гаспадарцы.

Аднак пакуль гэта толькі птушаняты. І, на жаль, у іх яшчэ шмат праблем у нашым горадзе. Праз некалькі тыдняў у Брэсце пачнецца сапраўдны “птушкапад”: падрослыя сакаляняты пачнуць выпадаць са сваіх гнёздаў. Шматлікія нішы, якія займае пустальга ў Брэсце, не прызначаныя для гнездавання гэтай птушкі. Таму актывісты Брэсцкага абласнога адзялення АПБ разам са спецыялістамі Рабочай групы АПБ па сокалападобных і совападобных птушках вырашылі канчаткова разабрацца з гэтай праблемай. Сёлета пастаноўлена пабудаваць і размясціць 30 штучных домікаў-гнёздаў для сокала-пустальгі ў Брэсце. Дзякуючы спагадлівым людзям, краўдфандынгавай кампаніі і асвятленню ў СМІ, неабходныя сродкі былі сабраныя за няпоўныя суткі. Размяшчэнне штучных гнёздаў дазволіла Упраўленне архітэктуры і будаўніцтва, цяпер дакументы праходзяць неабходныя ўзгадненні ў КУП “ЖРЭУ г. Брэста”.

Падтрымаць дзейнасць Рабочай групы па сокалападобных і совападобных

Пустельга в городе часто занимает неудобные места гнездования.

Досыць часта сокал-пустальга займае зусім нязручныя месцы для гнездавання. Наша задача — зрабіць усё магчымае, каб гарадское асяроддзе стала больш зручным для птушкі.

Аляксандр асцярожна вяртае ўсіх птушанят у гняздо. Хутка збіраем рэчы і выходзім. На сёння кальцаванне скончана. Калі нам пашчасціць, то ў будучыні мы атрымаем “зварот”. Так на мове арнітолагаў завецца паведамленне аб спатканні з акальцаванай птушкай. Аналіз атрыманых паведамленняў аб такіх сустрэчах дазволіць зрабіць высновы адносна маршрутаў і срокаў міграцыі птушак, пра іх рассяленне, пра змены ў колькасных паказніках папуляцыі, прычынах гібелі, пра працягласць жыцця птушкі.

Фота на памяць - і ўсе птушаняты павяртаюцца ў гняздо

Фота на памяць — і ўсе птушаняты павяртаюцца ў гняздо

Радасныя і трошачкі ўзрушаныя ад спаткання з сакалянятамі, мы выходзім на вуліцу і развітваемся, каб сустрэцца на гэтым самым месцы праз два тыдні, калі птушаняты з гнязда № 1 падрастуць і прыйдзе іх чарга прыняць ад нас кольцы. Ну, а пакуль мы чакаем і трымаем кулачкі за акальцаваных птушак, каб усё з імі было добра і каб яны вярнуліся ў Брэст на гнездаванне. Бо ці можа хтосьці быць супраць такога мілага суседа?

Падтрымаць краўдфандынгавую кампанію «Мурал з пустальгой у Брэсце»

 

Аўтары: Яўген Місіюк, Анастасія Сяргеева

Фота: Аляксандр Мініч, Анастасія Сяргеева, ptushki.org, virtualbrest.by

Инстаграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: