Новы для Беларусі від птушак стаў кульмінацыяй справаздачнай канферэнцыі Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ

ад 2 сакавіка 2009 года

Як заўсёды на пры канцы лютага ў гасціннай гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага г.Гродна адбылася сустрэча сябраў АПБ з Гарадзеншчыны, на якую ў гэты раз сабраліся больш за 60 ўдзельнікаў. Акрамя гарадзенцаў і гасцей з Брэста і Мінска да нас завіталі калегі са Швэцыі – Ленарт Карлсан (прадстаўнік SOF), і Літвы — Крыстэр Кастрэн (бізнесмэн і Ганаровы консул Фінляндыі ў Літве, бёдуотчар з амаль 50ці гадовым стажам).

Новы для Беларусі від птушак стаў кульмінацыяй справаздачнай канферэнцыі Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ

Як заўсёды на пры канцы лютага ў гасціннай гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага г.Гродна адбылася сустрэча сябраў АПБ з Гарадзеншчыны, на якую ў гэты раз сабраліся больш за 60 ўдзельнікаў. Акрамя гарадзенцаў і гасцей з Брэста і Мінска да нас завіталі калегі са Швэцыі – Ленарт Карлсан (прадстаўнік SOF), і Літвы — Крыстэр Кастрэн (бізнесмэн і Ганаровы консул Фінляндыі ў Літве, бёдуотчар з амаль 50ці гадовым стажам).

Пачалася сустрэча з расповеду Фёдара Ігнатовіча пра насычаны падзеямі, але трагічны лёс заснавальніка Гродзенскага заапарку Яна Каханоўскага (1894-1942), 115ці годдзю з дня нараджэння якога і была прысвечана канферэнцыя. Пасля гэтага нашы замежныя сябры распавялі пра станаўленне, сучасны стан і магчымую будучыню бёдуотчынга ў сваіх краінах, а таксама ў краінах Балтыі. З вуснаў прадстаўніка каманды чэмпіёна мінулагодняга чэмпіянату Беларусі па спартыўнай арніталогіі К.Кастрэна прысутныя пачулі парады для арганізацыі яшчэ лепшых спаборніцтваў, зробленыя ім на аснове шматгадовага досведу ўдзелу і перамог у гонках за птушкамі ў розных краінах.

Вяртаннем да не зусім прыемнай рэальнасці былі прэзентацыі Аляксандра Вінчэўскага аб гісторыі і перспектывах інтрадукцыі розных хрыбетных жывёл на тэрыторыі Беларусі, а таксама расповеды Мікалая Чэркаса аб ролі арнітолагаў у захаванні Белавескай пушчы, прэм’ера фільма Ігара Бышнёва “Лёс зубра”, аналіз Андрэя Абрамчука “Біясферны рэзерват “Прыбужскае Палессе: стан, праблемы, перспектывы” і падсумаванне вынікаў мінулагодняга праекта “Малая крычка на Нёмане. Стан, праблемы, ахова” Яўгена Сліжа.

Акрамя навукова-папулярных прэзентацый, адбыліся відэа-конкурс на веданне птушак для падлеткаў, фотаконкурс на веданне арнітолагаў Беларусі сярод дарослых, адкрыццё фотавыставы найлепшых фотамастакоў Гарадзеншчыны “Нашы птушкі-2009”, узнагароджанне пераможцаў абласнога этапу мастацкага конкурсу для дзетак і падлеткаў “Вялікая белая чапля – птушка 2008 года”, сябраў АПБ — пераможцаў розных абласных намінацый і выбары ў Савет і Рэвізійную камісію аддзялення.

Адной з прыемных нечаканасцяў стала чацвёртая запар перамога ў штогадовым абласным фотаконкурсе Мікалая Гулінскага. Удзельнікі канферэнцыі аддалі найбольш галасоў за дзве яго фотаработы, такім чынам прызы за першае і другое месца атрымаў адзін аўтар.

На наступны дзень адбыўся сэмінар, прысвечаны магчымасцям па стварэнню і дзейнасці студэнцкіх груп АПБ, пад час якога нечакана была атрымана інфармацыя аб рэгістрацыі ў 8 км ад Гродна новага для Беларусі віду птушак – горнага свірстуна. Птушка была адзначана на незамярзаючых сажалках ачышчальных збудаванняў ВА “Гродна-Азот” у Гродзенскім раёне Крыстэрам Кастрэнам і Аляксандрам Вінчэўскім. Адразу пасля сэмінару каманда з 7 чалавек вырушыла на месца назіранняў, але тры свірстуны, адзначаныя на сажалках, не падпусцілі назіральнікаў дастаткова блізка для таго, каб вызначыць іх да віду. Такой незвычайнай інтрыгай і закончылася сустрэча ў Гродна.
Рэгістрацыя новага віда павінна быць яшчэ зацверджана Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй.

Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ
фота аўтара.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: