Спяшайся на «Начныя жыхары ляСОЎ»!

ад 13 сакавіка 2017 года

Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ запрашае ўсіх жадаючых у савіны летнік, які адбудзецца на ТВП “Палеская даліна ракі Буг”. Новая тэрыторыя, старыя справы, цікавы фармат. Запрашаем!

У мінулым годзе традыцыйны савіны летнік змяніў свой фармат! Сёлета Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ запрашае ўсіх жадаючых з 31 сакавіка па 2 красавіка наведаць паўднёвы захад Беларусі – месца дзе вясна распачынаецца на 1-2 тыдні раней, чым у цэлым па краіне. У гэтым годзе палявы летнік «Начныя жыхары ляСОЎ-2017» адбудзецца на ТВП/ТОПЗ/Рамсарскае ўгоддзе “Палеская даліна ракі Буг”! Новая тэрыторыя, старыя справы, цікавы фармат! Запрашаем!

Больш за 10 гадоў асноўныя мерапрыемствы летніку адбываліся ў вёсцы Залессе і на балоце «Дзікае». З мінулага году мы плануем штогод мяняць месцы правядзення летніку. Гэтай вясной нас чакае ТВП/ТОПЗ/Рамсарскае ўгоддзе «Палеская даліна ракі Буг», што знаходзіцца ў Брэсцкім раёне. Палеская даліна ракі Буг – гэта фрагмент даліны ракі Буг на поўдзень ад Брэста, да граніцы з Украінай, пэўна вядомы ўсім бёдуотчарам Беларусі рыбгас “Страдзеч”,  а таксама частка ляснога массіву  на поўдзень ад Брэста. Тэррыторый мае важнае значэнне ў першую чаргу для захавання лясных і водна-балотных птушак. Больш пра «Палескую даліну ракі Буг» тут.

Гэтым разам мерапрыемства пачнецца 31 сакавіка і працягнецца да 2 красавіка ўключна. На працягу трох дзён мы будзем даследваць лясы і балоты, аднаўляць і будаваць гнёзды для звяроў і птушак, маркіраваць турыстычныя шляхі і канешне назіраць за птушкамі. Падчас летніку мы даведаемся, што адбылося з гнездавымі скрынямі і гнёздамі, пабудаванымі тут у мінулым годзе. Ці выконвае свае абавязкі па ахове рэдкіх відаў і біятопаў Брэсцкі лясгас? Якія пагрозы актуальны для ТВП і ях іх можна вырашыць? Ці сапраўды лясная сэртыфікацыя FSC дапамагае ахоўваць прыроду? Калі пачынаецца батанічны палявы сезон на Брэшчыне і ці можна знайсці ахоўваемыя расліны ў сакавіку? Адказы на гэтыя пытанні і шмат іншага — хутка!

Сёлета галоўная тэма летніку, акрамя савінай, гэта вынікі практычнай дзейнасці захавальнікаў прыроды. Летнік пройдзе ў форме практычнага семінара-трэнінга «Хто, калі не мы?».

Што чакае ўдзельнікаў? 

·         шпацыр па начных лясах (улікі соў);

·         выправы ўдзень па навакольных лясах – маніторынг месцаў гнездавання/росту ахоўваемых відаў;

·         выраб і развешванне штучных гнездавых скрынь для звяроў і птушак;

·         праверка і аднаўленне раней развешаных гнездавых скрынь для птушак і звяроў;

·         цікавыя прэзентацыі і прыродазнаўчыя фільмы;

·         трэнінг-практыкум па выкарыстанні магчымасцяў, якія надае лясная сэртыфікацыя па сістэме FSC;

·         вечарыны ля вогнішча і шмат іншага!

Хто можа прыехаць на летнік? 

На мерапрыемства запрашаюцца ўсе жадаючыя. У сувязі з абмежаванай колькасцю месцаў перавагу будуць мець заяўкі, атрыманыя першымі. Удзельнікі часткова аплочваюць удзел у мерапрыемствах летніка (праезд па мясцовасці, матэрыялы і абсталяванне і інш.).  Пры сабе мець каля 15 бел. руб. за ўвесь час (3 дні). Размяшчэнне ўдзельнікаў плануецца ў цёплым драўляным доме.

Што абавязкова пакласці ў заплечнік? 

·        спальны мяшок

·        дыванок

·        гумовыя боты (пажадана высокія балотныя боты)

·        ліхтарык

·        асабісты посуд

·         прысмакі 🙂 

Як атрымаць месца ў летніку?

Дашліце анкету-заяўку на адрас: dzikiles@mail.ru, з копіяй: egreta113@mail.ru

Анкета ўдзельніка летніку «Начныя жыхары ляСОЎ-2017»: 

 1. Прозвішча, імя, імя па бацьку.

2. Узрост.

3. Хатні адрас.

4. Ці з’яўляецеся вы сябрам АПБ?

5. У якіх мерапрыемствах АПБ вы ўдзельнічалі ў апошнія 3 гады?

6. Ваш род заняткаў (студэнт, працую, вучань і г.д.)

7. Колькі відаў птушак вы бачылі ў Беларусі?

8. Што вам больш за ўсё падабаецца рабіць з прапанаванага ў праграме летніку?

9. Чаму вы хочаце ўдзельнічаць у летніку?

10. Нумар мабільнага тэлефону і электронны адрас для сувязі. 

Заяўкі прымаюцца да 2сакавіка ўключна! 

Нагадваем: колькасць месцаў абмежаваная! Перавагу будуць мець тыя, чыя матывацыя будзе найлепшым чынам адлюстравана ў заяўцы.

Поспехаў і да сустрэчы! 

Актыў Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: