Гісторыя выратавання буслоў у в. Даўбені Валожынскага раёна (з дапамогай АПБ)

ад 14 снежня 2010 года

Жыхар в. Даўбені Валожынскага раёна Анатоль Станкевіч выратаваў птушанят бусла, гняздо якога звалілася з электрычнага слупа.

Паважаны Анатоль Уладзіміравіч і ўсе тыя, хто прымаў удзел у выратаванні буслінага сямейства!

Дзякуем вам за тое, што не засталіся абыякавымі да птушак і да прыроды Беларусі. А, галоўнае, праявілі не толькі спагаду, але і дапамаглі трапіўшым у бяду буслам. Мы заўсёды рады людзям, якія берагуць нашы каштоўнасці…”

Вось такі падзячны ліст атрымаў жыхар вёскі Даўбені А. У. Станкевіч у ліпені гэтага года з грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Гэта “бусліная” гісторыя здарылася ўлетку ў нашай мясцовасці.

На ўскраіне вёскі на старым электрычным слупе ўжо шмат гадоў гняздзілася бусліная сям’я. У час чэрвеньскага ўрагану моцны шквальны вецер скінуў на зямлю гняздо разам з трыма маленькімі буслікамі. Безабаронныя птушаняткі ляжалі на мокрай зямлі. Мы адразу ж патэлефанавалі ў раённую інспекцыю аховы навакольнага асяроддзя. Прыемны жаночы голас адказаў: “У нас няма транспарту да вас выехаць”. Што рабіць? Мы – зноў да тэлефона, але ўжо звонім у Мінск да знаёмых вучоных-арнітолагаў. Яны параілі зрабіць высокі памост (каб сабакі не дасталі), перасадзіць туды буслікаў і падкормліваць іх. Анатоль з сынам Яўгенам і аднавяскоўцам Максімам Шэстакам змайстравалі драўляны насціл і памясцілі туды птушанят. Суседка А. С. Паташ, якой ужо 80 гадоў, узяла на сябе ролю вартаўніка. Фёдар Кушаль і вясковыя хлапчукі-падлеткі Уладзік Іода і Іван Зянько падкормлівалі бедалагаў: лавілі жаб і мышэй і прыносілі ў гняздо.

Сувязь з Мінскам была амаль штодзённай. Мы дакладвалі аб паводзінах малых буслоў і іх бацькоў. Арнітолагі папярэджвалі, каб прахожыя не падыходзілі да гнязда і не турбавалі птушак.

Дарэчы, птушка птушкай, а хітрасці ім не займаць. Калі мы падыходзілі да самога памосту, птушкі лажыліся на бок, выцягвалі ногі, адкідвалі галаву і закрывалі вочы, быццам мёртвыя.

А тут якраз надышло 12 ліпеня – свята Пятра і Паўла, на якое ў мясцовай царкве вялікі фэст. У храм ішлі-ехалі людзі, яны спыняліся, дзівіліся незвычайнаму “відовішчу”, некаторыя нават фатаграфавалі. Але вартаўнік быў на сваім месцы – да птушак ніхто не наблізіўся.

Непакоіла толькі адно: хаця б ад малых не адмовіліся іх бацькі (і так бывае). І вось дзесьці на трэці дзень пасля “перасялення” – тэлефонны званок – і радасны голас Сямёнаўны дакладвае: “Слава Богу, бусліха-маці корміць сваіх дзетак”.

Увесь ліпень і жнівень жылі буслікі на новым гняздзечку, раслі, набіраліся моцы і аднойчы пакінулі яго.

У пачатку верасня, у апошні дзень перад адлётам, уся бусліная сям’я прыляцела і ўладкавалася на шырокіх галінах старога ясеня. Клекаталі-клекаталі па чарзе, як быццам дзякавалі добрым людзям за дапамогу. Мы, жанчыны, плакалі ад такога праяўлення птушынай удзячнасці. (Людзі, вучыцеся ў братоў нашых меншых!)

Назаўтра раніцой ясень быў ужо пусты – выратаваныя птушкі адляцелі ў вырай, каб у наступным годзе зноў вярнуцца да нас. Будзем з нецярпеннем іх чакаць. Яўген і Максім абяцалі зрабіць ім новае трывалае гняздо.

Вось і ўся наша “бусліная гісторыя”, у якой непасрэдна ўдзельнічала.

Вера ВЯРШЫЦКАЯ , жыхарка вёскі Даўбені
Па матэрыялах "Працоўная Слава"



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: