Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Фотавыстава «Лексіка Палесся» ў Мінску
Абвестка,Апошнія навіны ад 16 снежня 2020 года
Грамадскія арганізацыі «Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ад асобы кааліцыі экалагічных арганізацый «Захаваем Палессе» запрашаюць на фотавыставу «Лексіка Палесся».
Прыпяць. Фота Віктара Малышчыца
Фотапраект «Лексіка Палесся» прысвечаны ўнікальнай прыроднай каштоўнасці беларускага рэгіёна і яго культурнай самабытнасці.
«Лексіка Палесся» — гэта своеасаблівы дыялог паміж прыродай і чалавекам. Фотапраект уяўляе сабой экспазіцыю прац беларускіх фатографаў, закаханых у прыгажосць роднай зямлі.
Крыўкі. Фота Паўла Лычкоўскага
Ён падзелены на тры тэматычныя часткі, кожная з якіх дазволіць гледачу пабачыць Палессе з асаблівага боку. Палессе — натхняльная сваёй прыгажосцю каштоўная тэрыторыя з багатай біяразнастайнасцю. Палессе — цэнтр этнаграфічнай і гісторыка-культурнай спадчыны. Палессе — самабытны свет, які знікае ў выніку ўмяшальніцтва чалавека.
— Мы натхніліся на стварэнне гэтай выставы ў 2017 годзе, калі толькі пачыналі працаваць у рэгіёне Палесся, — кажа Канстанцін Чыкалаў, старшыня ГА «Багна» і адзін з куратараў выставы. — Чым больш мы даведваліся аб экалагічных праблемах, звязаных з асушэннем балот, планамі па будаўніцтве воднага шляху Е40, знішчэнні пойменных дуброў, чым больш мы сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, тым больш адкрывалі для сябе дзіўную частку Беларусі, якая можа стаць візітнай карткай нашай краіны.
Палескі краявід. Фота Сяргея Шлягі
Гэтая фотавыстава — спроба прыўнесці ў сталіцу часцінку Палесся, яе ўнікальны пейзаж, пераплецены з бытам і традыцыямі палешукоў. Тут закранаюцца не толькі станоўчыя моманты, але і паказваецца далікатнасць гэтага рэгіёну, які вось ужо 50 гадоў знаходзіцца пад моцным антрапагенным уздзеяннем. Унікальнасць выставы яшчэ і ў тым, што акрамя прыгожых фатаграфій 21 аўтара, кожны глядач можа дакрануцца да дыялекту аднаго з рэгіёнаў Палесся — частку тэкстаў выставы дапамагалі перакласці палешукі. Сярод фатаграфій ёсць творы даволі вядомых фатографаў, але ёсць і працы мясцовых жыхароў.
— Для нас важна паказаць, як яны адчуваюць сваю малую радзіму, дзе нарадзіліся і жывуць да гэтага часу, — тлумачыць Канстанцін.
У палескай хаце. Фота Дар’і Сапранецкай
Адкрыццё выставы пройдзе 17 снежня ў 18.30, ва ўнутраным дворыку культурнага цэнтра «Корпус», Мінск, пр-т Машэрава, 9к8. Фотавыстава пройдзе ў фармаце open-air і працягнецца да 31 снежня. Уваход вольны.
Дворык працуе з 10:00 да 21.00 штодзённа.
Фотавыстава арганізаваная грамадскай арганізацыяй «Багна» ад асобы кааліцыі экалагічных арганізацый «Захаваем Палессе» («Save Polesia») у межах праекта «Устойлівае развіццё экалагічнага патэнцыяла дзікай прыроды ў Прыпяцкім і Палескім рэгіёнах» пры фінансавай падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Zoologische Gesellschaft Frankfurt).
Тэкст: Багна
Падзяліся артыкулам у сацсетках: