Чэмпіянат па фотабёрдынгу перанесены на 27 лютага!

ад 22 лютага 2021 года

АПБ запрашае фатографаў і аматараў дзікай прыроды на зімовыя спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак. Гэта трэці зімовы чэмпіянат па фотабёрдынгу і, як і год таму, удзельнічаць у спаборніцтвах магчыма ў любым кутку Беларусі. У сувязі з марозамі чэмпіянат перанесены на 27 лютага.

Што трэба рабіць?

Знайсці партнёра ў каманду ці падрыхтавацца ўдзельнічаць самому (самой).

Падсілкаваць батарэі да свайго суперзума ці камеры з добрым аб’ектывам.

Фатаграфаваць дзікіх птушак у прыродзе!

А каб перамагчы ў чэмпіянаце, трэба 27 лютага за 6 гадзін – з 9.00 да 15.00 – наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

Вушатая сава. Фота Ганны Шаўцовай,  чат "Птушкі з фотастужкі"

Вушатая сава. Фота Ганны Шаўцовай, чат «Птушкі з фотастужкі«

За кожны від налічваюцца балы. Прычым найбольш балаў за кожны від атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі. Зрабіць гэта дапамогуць анлайн-вызначальнік або мабільны дадатак.

Як фатаграфаваць птушак узімку? Вось некалькі парадаў.

Падрабязныя правілы чэмпіянату, чэк-лісты індывідуальнага ўдзельніка або каманды можна спампаваць на сайце АПБ.

Зняць качку-каралінку праз дымку нялёгка. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Птушкары ловяць у кадр качку-каралінку. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by

Як запісацца на чэмпіянат?

Спампаваць форму простай заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 17.00 пятніцы 26 лютага. 

Можна ўдзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.

Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Чэмпіянат адкрыты і для ўдзельнікаў з іншых краін.

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы ад  АПБ.

Сямён Левы, каардынатар чэмпіянату:

Фатаграфаваць зімой заўсёды няпроста. Нізкая температыра — гэты выпрабаванне як для фатографа, так і для апаратуры. Усе, хто прымаў удзел у першым і другім чэмпіянатах, — сапраўдныя героі. Цяпер добры шанец знайсці птушак, якія только зімуюць у нас, зручна фатаграфаваць вадаплаўных на незамёрзлых вадаёмах. Запрашаю асабіста ўсіх звярнуць увагу на чэмпіянат і паўдзельнічаць!

Удалых кадраў!

 Тэкст: Сямён Левы

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: