Зімовыя ўлікі — 2022: дапамажы падлічыць вадаплаўных птушак!

ад 13 студзеня 2022 года

У гэтым годзе ў канцы студзеня і пачатку лютага праходзяць штогадовыя зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак. Дапамажы нам падлічыць іх!

Лебеди-кликуны. Фото Семена Левого

Лебеди-кликуны. Фото Семена Левого

Навошта лічыць вадаплаўных?

Палічыць качыных летам вельмі складана, бо многія ўчасткі, дзе яны гняздуюць, маладаступныя. Але ўзімку гэтыя птушкі збіраюцца ў вялікія чароды ў месцах, дзе вада не замярзае. Улікі праводзяцца, каб ацаніць, колькі і якіх відаў гэтых птушак зімуюць у Беларусі.

Упершыню міжнародныя ўлікі вадаплаўных і каляводных птушак былі праведзены ў студзені 1967 г. з ініцыятывы папярэдніцы Міжнароднай арганізацыі па захаванні водна-балотных угоддзяў (Wetlands International). Зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак праводзяцца ў многіх краінах, ахопліваючы вадаёмы і марскія ўзбярэжжы, і даюць уяўленне аб дынаміцы колькасці розных відаў птушак, а таксама інфармацыю аб стане водна-балотных угоддзяў.

Дадзеныя дапамогуць лепш планаваць дзеянні па захаванні рэдкіх відаў і арганізаваць ўстойлівае карыстанне паляўнічымі відамі птушак як у асобнай краіне, так і ў маштабах міграцыйных шляхоў.

Улікі птушак – гэта яшчэ і нагода пагуляць на свежым паветры і зрабіць цікавыя назіранні. Праз пацяпленне клімату ўсё больш птушак сустракаюцца на зімоўцы. Летась на зімоўцы налічылі 24605 асобін 37 водны і каляводны від птушак. Вынікі ўлікаў можна паглядзець тут

Калі адбудзецца “птушыны перапіс”?

Да ўлікаў вадаплаўных можна далучыцца на працягу з 22 студзеня па 6 лютага. Важна ахапіць як мага больш незамерзлых вадаёмаў у краіне.

Як праводзіць улік?

Мы падрыхтавалі для цябе памятку па ўліку птушак: як выбраць месца і час для “перапісу”, як правільна запоўніць анкету – адказы на гэта знойдзеш у ёй. Спампуй і карыстайся!

Улікі вадаплаўных ідуць па ўсёй Беларусі. Наведай найбліжэйшы вадаём, палічы, колькі там якіх відаў вадаплаўных і каляводных птушак, ды занясі ўсе дадзеныя ў анкету.

Важна: не падкормлівай вадаплаўных падчас улікаў. Гэта не спрыяе дакладнасці падліку і можа нашкодзіць птушкам. Помні, што хлеб і батон для іх небяспечныя: стрававальная сістэма птушак для такой ежы не прызначаная. Такі корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў. 

Лебеди остались зимовать: аномалия или норма?

Карыстайся кніжным вызначальнікам птушак або яго мабільнай версіяй. Таксама можаш далучыцца да Тэлеграм-чату «Ціў-ціў!» — аднадумцы-птушкары дапамогуць з вызначэннем птушкі.

Калі ўсё ж пазнаць від не атрымліваецца, запішы агульную колькасць птушак, сфатаграфуй ці прынамсі апішы невядомыя табе віды і пазнач іх колькасць таксама. Фота можаш даслаць нам на info@ptushki.org, спецыялісты дапамогуць вызначыць птушку. 

Памятай, што для кожнага ўліку запаўняецца асобная анкета! Напрыклад, калі ты ў адзін дзень будзеш улічваць птушак на рацэ і на возеры, а праз некаторы час правядзеш паўторны ўлік на тым жа возеры, то табе трэба будзе падаць тры анкеты.

Даслаць нам анкету можна ў электронным або папяровым выглядзе.

Чайкі на зімоўцы. Фота Сямёна Левага

Чайкі на зімоўцы. Фота Сямёна Левага

Дзе шукаць птушак?

У гэтым годзе на другую палову студзеня прагназуюць моцныя маразы. Большасць вадаёмаў будуць замерзлымі. Вадаплаўныя птушкі будуць збірацца ў месцах, дзе ёсць хуткая плынь або сцёкі цёплай вады. Таму ў першую чаргу неабходна праверыць сажалкі ачышчальных збудаванняў і ўчасткі рэк з хуткай плынню.

На што яшчэ звяртаць увагу?

Калі птушак на вадаёме няма ці ён увесь пакрыўся лёдам, таксама пазначай гэта ў анкеце.

Звяртай увагу на акальцаваных птушак і пазначай іх від, нумар кольца, дату і дакладнае месца назірання. Выдатна, калі зможаш зрабіць фота, каб расчытваўся надпіс на кольцы.

Куды дасылаць анкеты?

Анкеты ўліку дасылай у Сакратарыят АПБ не пазней за 13 лютага 2022 года:

  • у электронным выглядзе — на адрас: info@ptushki.org;
  • у папяровым выглядзе — на адрас: ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», вул. Парніковая, д. 11, пам. 4, 220114, г. Мінск.

Усе ўдзельнікі “птушынага перапісу” атрымаюць поўную інфармацыю пра яго вынікі.

Улікі водна-балотных птушак ладзяць АПБ і Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Далучайся да ўліку птушак і заахвочвай сяброў!

Тэкст: Алеся Башарымава, Сямён Левы

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: