Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вясна адыходзіць! Прыляцелі апошнія веснавыя пасланкі — свіргулі!
Абвестка ад 2 мая 2012 года
Вось і пачынае вясна саступаць свае пазіцыі. Апошнімі з птушак нарэшце прыляцелі да нас свіргулі (па-руску стрижи). Самая хуткая птушка на Зямлі і птушка 2012 года ўжо ў Беларусі! 27 красавіка жыхар Мінскай вобласці заўважыў першага свіргуля! Цёмна-карычневы колер цела, а на фоне неба чорны, завостраныя крылы і кароткі, з выразкай, хвост — вось такі ён, чорны свіргуль. Уявіце, гэтая цудоўная птушка амаль усё жыцце праводзіць у палёце, нават спіць у паветры, хутка залятае і вылятае з гнязда, сядзіць там толькі падчас наседжвання яек. Больш таго, свіргуль ніколі не садзіцца на зямлю, бо з-за сваіх кароткіх лапак ён не можа ўзняцца ў паветра.
У гарызантальным палёце можа дасягаць хуткасці 112 км/г. Вучоныя высветлілі, што найбольш хутка свіргулі лятаюць падчас шлюбнага перыяду, так яны дэманструюць будучым партнёрам свае здольнасці.
У горадзе свіргулёў пабачыць няцяжка. Гнёзды яны будуюць у шчылінах пад дахамі шматпавярховых будынкаў. Цікава, што ўвесь будаўнічы матэрыял для сваёй хаткі (пер'е, насенне, траву) свіргуль збірае ў паветры і зляпляе ўласнай слінай! Ці не дзіва!
Не абышлі свіргулёў і праблемы, звязаныя з дзейнасцю чалавека: апошнім часам падчас рэнавацыі будынкаў будаўнікі замазваюць шчыліны пад дахамі, таму птушкі не могуць трапіць да сваіх гнёздаў. Па гэтых прычынах свіргуль і быў абраны птушкай 2012 года. Давайце клапаціцца пра гэтых надзвычай цікавых птушак і ўдзельнічаць у вырабе і развешванні ў гарадах гняздоўяў для свіргулёў!
Першыя свіргулі ўжо вітаюць нас, назіраем разам за іх прылётам! Пабачылі свайго першага свіргуля — дадавайце сваё назіранне на сайце Жывой Вясны www.springalive.net. Можаце таксама спампаваць свіргулёвую песню, даслаўшы CМС-паведамленне на кароткі нумар 0841 і перайшоўшы па артыманай спасылцы*.
На дадзены момант беларусамі зарэгістравана 592 назіранні за пасланкамі вясны. Мы на 8 месцы сярод 40 еўрапейскіх краін. Добры прамежкавы вынік!
Далучайцеся да Жывой Вясны разам з птушкамі!
Ліза Сіткевіч,
каардынатар Жывой Вясны
+375298786573
Здымак Дзмітрыя Якубовіча
*дадзеная паслуга рэалізавана пры тэхнічнай падтрымцы Агенцтва мабільнага маркетынгу СТРИМЛАЙН. СМС на нумар 0841 каштуе для абанентаў Велком 220 рублёў, МТС – 390 рублёў, без уліку падаткаў.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: