Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Апошні тыдзень «Жывой вясны» 2013
Навіна арганізацыі ад 14 чэрвеня 2013 года
Застаецца крыху менш за тыдзень, калі вы можаце прыняць удзел у міжнароднай кампаніі «Жывая вясна» 2013 і занесці свае назіранні за птушкамі на сайт springalive.net. Апошні тэрмін — 21 чэрвеня. Паспяшайцеся!Вось і падыходзіць да заканчэння міжнародная кампанія "Жывая вясна" 2013. У гэтым годзе мы разам назіралі за прылётам 5 птушак-пасланак вясны: белага бусла, вясковай ластаўкі, звычайнай зязюлі, чорнага свіргуля і шчуркі-пчалаедкі. Застаецца апошні тыдзень, калі вы можаце занесці свае назіранні за птушкамі на сайт springalive.net і такім чынам прыняць удзел у кампаніі. Апошні дзень акцыі — 21 чэрвеня!
На дадзены момант, дзякуючы вашай падтрымцы, Беларусь займае пятае месца сярод 40 краін-удзельніц Жывой вясны з 5505 зарэгістраванымі назіраннямі. Гэтай вясной першых белых буслоў было адзначана 2909, вясковых ластавак- 1118, звычайных зязюль — 619, чорных свіргулеў – 845, а рэдкіх для Беларусі шчурак-пчалаедак зарэгістравана 14.
Але вясна ужо саступае свае пазіцыі, за вокнамі сапраўднае лета і таму надыйшла пара падводзіць вынікі. Лепшыя ўдзельнікі, а таксама прызеры конкурсу "Гісторыі жывой вясны" будузь аб’яўлены да канца месяца. Іх чакаюць прыемныя узнагароды ад АПБ.
Вясна падаравала нам столькі прыгажосці і птушыных спеваў. Мы развітваемся з ёй, кажучы шчырае "дзякуй", а летам будзем далей назіраць за цікавымі падзеямі птушынага свету. Спадзяемся, што вы атрымалі сапраўдную асалоду ад сустрэчы вясны, даведаліся нешта новае і наблізіліся да прыроды.
Дзякуем усім удзельнікам "Жывой вясны" за цікаўнасць да кампаніі і любоў да птушак!
Вольга Гарадніцкая, каардынатар кампаніі "Жывая Вясна"
Падзяліся артыкулам у сацсетках: