Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Новы сігнал ад Віктара
Навіна арганізацыі ад 9 жніўня 2013 года
Пасля доўгага маўчання зязюля па мянушцы Віктар выйшла на сувязь, ды не проста была адзначана ў тым месцы, дзе і апошні раз, а адразу паляцела ў Афрыку!Пасля доўгага маўчання зязюля па мянушцы Віктар выйшла на сувязь, ды не проста была адзначана ў тым месцы, дзе і апошні раз, а адразу паляцела ў Афрыку! Вырашыў не адставаць ад Віктара і Філ, які доўгі час трымаўся ў Беларусі і толькі зараз накіраваўся па поўдзень. Ці паляцяць яны ў Судан, да астаніх беларускіх птушак, альбо накіруюцца ў іншыя краіны, мы даведаемся ў хуткім часе.
Віктар
Сваім 13-дзённым маўчаннем зязюля заставіла ўсіх пахвалявацца і паламаць галаву, чаму ад яе няма сігналаў. Найбольш імавернай падаецца думка, што ўвесь гэты час зязюля трымалася ў цяністых лясах на Малым востраве Брэіле (рамсарская тэрыторыя ў пойме Дуная ў Румыніі), і яе сонечная батарэя не магла поўнасцю зарадзіць акумулятар з-за недахопу святла. Але ўвесь гэты час зязюля актыўна харчавалася і назапашвала энэргію для доўгага пералёту. Менавіта калі яна рушыла мы змаглі атрымаць першы сігнал пасля доўгага маўчання.
За тры дні птушка перасекла амаль 1700 тыс. км, пераадолеўшы Баўгарыю і частку Грэцыі, а таксама Міжземнае мора. Апошняя кропка, ў якой быў адзначаны Віктар, знаходзіцца ў ваколіцах лівійскага мястэчка Джагбуб, непадалёку ад мяжы з Егіптам. Дадзеная мясцовасць уяўляе сабой аазіс у Лівійскай пустыні. Утварыўся ён дзякуючы даволі буйным запасам падземных вод, ды і сам па сабе ён уяўляе ўпадзіну, якая размяшчаецца на вышыні 15 м ніжэй за ўзровень мора.
Магчыма, дадзены аазіс зязюля выкарыстоўвае як кропку адпачынку перад працяглым палётам на поўдзень праз пустыню. Ці паляціць Віктар напрамкі праз Сахару, мы даведаемся ўжо па наступнай кропцы, а пакуль будзем верыць, што ён справіцца з самым складаным кавалкам пералету.
Філ
Апошняя з птушак, якая пакінула Беларусь. Доўгі час яна трымалася на мяжы Брэсцкай і Гомельскай вобласцяў, на адкрытых прасторах сяльгаспалеткаў, актыўна сілкавалася і рыхтавалася да палёту на поўдзень. Філ стартаваў амаль адначасова з Віктарам і прыкладна за 2 дні пераадолеў адлегласць у 850 км, і апошні раз быў зафіксаваны ў ваколіцах сталіцы Румыніі – Бухарэсце.
На сённяшні дзень, Філ паспяхова пераадолеў Міжземнае мора і быў зафіксаваны ў Лівіі, каля кропкі Табан, непадалёку ад марскога ўзбярэжжа. Мясціны тут пустынныя і жаркія, таму птушка надоўга тут не затрымаецца, і хутчэй за ўсё паляціць адразу праз Сахару.
Юлія, Норберт і Павел
Нашыя афрыканскія зязюлі, напэўна, стала ўжо спыніліся ў Судане. За тыдзень яны не адляталі далёка ад мясцінаў, у якіх былі адзначаны і раней. Умовы тут даволі спрыяльныя, саваны ў сезон дажджоў вельмі прыдатныя мясціны, каб правесці тут не адзін тыдзень. У дзень тэмпература паветра трымаецца каля 32 оС, і праходзіць кароткачасовы дождж з навальніцай. Зыходзячы з таго, што тры беларускія зязюлі трымаюцца на поўдні Судана, можна меркаваць, што і іншых беларускіх зязюляў без перадатчыкаў тут дастаткова. А можа і Віктар з Філам спяшаюцца сюды — так гэта ці не, даведаемся мы ў самы бліжэйшы час.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: