Да экватару!

ад 23 жніўня 2013 года

Зязюля Павел дасягнула і пераадолела лінію экватару. Гэта першая беларуская зязюля з перадатчыкам, якая заляцела так далёка на поўдзень.

Павел вырашыў не спыняцца і працягнуў свой палёт на поўдзень. Па дадзеных апошніх сігналаў зараз ён знаходзіцца на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, непадалёку ад мяжы з Руандай, амаль на самым экватары. Біятоп, у якім быў адзначаны Павел, уяўляе сабой трапічны лес на схілах дзеючага вулкана Ньямлагіра, вяршыня якога ўздымаецца над узроўнем мора на 3058 м. Густыя лясы тут мяжуюць з абшырнымі пустыннымі, застылымі лававымі плынямі, апошнія з якіх утварыліся ў 2004 годзе. Дарэчы, вулкан Ньямлагіра адзін з самых актыўных вулканаў ва ўсё Афрыцы.

Краявіды ў ваколіцах вулкана Ньямлагіра. Фота Hicham Daoudi узята з http://www.flickr.com/

Дадзеная тэрыторыя ўваходзіць у склад нацыянальнага парка Вірунга, аднаго з самых старых паркаў ва ўсёй Афрыцы, які быў створаны для аховы рэдкіх горных гарылаў (Gorilla beringei beringei). На сённяшні дзень у ім ахоўваецца найвялікшая колькасць млекакормячых у свеце, каля 200 відаў. Таксама гэтая тэрыторыя з’яўляецца Тэрыторыяй важнай для птушак (ТВП), адной з 19, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Тут гняздуецца такі рэдкі від, як каралеўская чапля (Balaeniceps rex),  а таксама шмат іншых.

Каралеўская чапля. Фота pelikan

Клімат экватарыяльны, амаль кожны дзень ідуць кароткачасовыя дажджы на працягу ўсяго года. У дзень тэмпература ў гэтым рэгіёне вагаецца каля 22-25 оС. У залежнасці ад рэльефа колькасць ападкаў можа значна адрознівацца і дасягаць 3 м за год. 

Пачынаючы з ліпеня, калі Павел паляцеў да месцаў зімоўкі, ён пераадолеў больш за 7000 км, і магчыма, гэта яшчэ не канец. Ці паляціць ён далей на Поўдзень? Даведайся пра гэта першым на нашай старонцы па сачэнню за зязюлямі.

Іншыя беларускія зязюлі менш актыўныя за Паўла. Філ за мінулы тыдзень здзейсніў невялічкую вандроўку ва ўсходнім накірунку, але вярнуўся ў ваколіцы возера Фітры (Рамсарская тэрыторыя), дзе трымаецца па сённяшні дзень. Сігналы ад Віктара, Юліі і Норберта засведчылі, што яны трымаюцца ў тых жа мясцінах, што і раней, адпаведна на ўсходзе Чада, на захадзе і поўдні Судана.

Сачыце за перамяшчэннямі нашых зязюляў не толькі на старонцы трансляцыі на сайце, але і ў Твітэры ды на cтаронцы праекта ў Фэсбуку.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: