Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Незвычайныя беларускія зязюлі
Навіна арганізацыі ад 30 жніўня 2013 года
З пяці зязюляў, якія ўдзельнічаюць у праекце, тры птушкі (Віктар, Норберт і Павел) знаходзяцца далей за астатніх на поўдні, а дзве з іх дабраліся да Паўднёвага паўшар`я! Мы працягваем сачыць за зязюлямі.З усіх зязюляў, якія ўдзельнічаюць у праекце, тры нашыя птушкі (Віктар, Норберт і Павел) знаходзяцца далей за астатніх на поўдні, а дзве з іх дабраліся да Паўднёвага паўшар'я! Усе тры яны зараз знаходзяцца ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Пры гэтым птушкі пазбягаюць трымацца ў вільготных экватарыяльных лясах, а аддаюць перавагу адкрытым прасторам.
А вось наша адзіная самка, зязюля Юлія, дэманструе стабільнасць і ўжо больш за месяц трымаецца на паўднёвым захадзе Судана, пакуль няма ніякіх нагодаў для пералёта ў іншае месца. Гэтага не скажаш пра Філа, які за мінулы тыдзень здзейсніў некалькі пералётаў на 100-200 км. Праўда, ляцеў ён не на поўдзень, як іншыя нашы зязюлі, а на захад, ў бок Судана. Апошнія сігналы ўвогуле засведчылі, што птушка рушыла на паўночны ўсход у бок Сахары і больш сухога клімату.
Сваімі думкамі пра нашых зязюляў падзяліўся Віктар Фянчук, дырэктар АПБ:
Як часта вы назіраеце за зязюляй па мянушцы Віктар, названай у ваш гонар?
За міграцыяй зязюль сачу штодзень. Болей за тое, старонка з міграцыяй – гэта першае, куды я заходжу ўключыўшы кампутар раніцай. Калі быў перыяд без сігналаў, то заходзіў амаль кожную гадзіну, спадзяваўся на новы сігнал. Але мне цікавы ня толькі Віктар – кожная з зязюль мае свае асаблівасці, за якімі цікава сачыць. Гэта і звыш хуткая міграцыя Паўла, і затрымка ў ваколіцах Турава Філа.
На вашую думку, куды накіруецца Віктар на зімоўку?
Як паказала спадарожнікавае сачэнне за брытанскімі зязюлямі, падчас зімоўкі яны не затрымліваюцца на адным месцы, а робяць кальцавую міграцыю (loop migration) па цэнтральнай Афрыцы. Гэта робіць назіранне за зімоўкай зязюль такім жа цікавым, як і назіранне за восеньскай міграцыяй. Цікава будзе паглядзець, як будзе стасавацца міграцыя Віктара і іншых беларускіх зязюль, а таксама міграцыя беларускіх зязюль і зязюль з Нямеччыны і Вялікабрытаніі.
За зязюлямі можна сачыць не толькі на нашай старонцы, але і ў фэйсбуку, а таксама твітэры. Будзем сачыць за нашымі зязюлямі разам!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: