Без Норберта?!

ад 15 кастрычніка 2013 года

Па апошніх дадзеных усе зязюлі знаходзяцца ў Анголе і Замбіі, і наўрацці паляцяць далей на поўдзень, бо кліматычныя ўмовы ў якіх трымаюцца птушкі, даволі аптымальныя, каб тут правесці некалькі зімовых месяцаў.

Ужо больш за тры тыдні ад Норберта няма звестак. У гэты ж самы час ад астатніх беларускіх птушак праз дзень-два стала ідуць сігналы. Па апошніх дадзеных усе зязюлі знаходзяцца ў Анголе і Замбіі, і наўрацці паляцяць далей на поўдзень, бо кліматычныя ўмовы ў якіх трымаюцца птушкі, даволі аптымальныя, каб тут правесці некалькі зімовых месяцаў. 

На сённяшні дзень усе пяць беларускіх птушак са спадарожнікавымі перадатчыкамі знаходзяцца паўдневей экватару ў субэкватарыяльным поясе. Бліжэйшыя шэсць месяцаў тут будзе панаваць сезон даждоў, калі выпадзе да 90 % гадавых ападкаў, тэмпература будзе трымацца каля 25-30 оС. Вельмі верагодна, што восень і зіму зязюлі правядуць у Анголе і Замбіі. Якіх-небудзь значных пералётаў, асабліва на поўдзень, чакаць не прыходзіцца, бо ў гэтым накірунку рэзка пагаршаюцца ўмовы, абумоўленыя тым, што пачынаецца пустыня Калахары.

Сярэднегадавая колькасць ападкаў (мм) у Афрыцы па дадзеных назіранняў з 1979 па 2000 год. Па дадзеных www.dwd.de

Параўнанне расліннасці ў Афрыцы ў прамежак з лютага па жнівень. Спадарожнікавыя здымкі, зробленыя NASA

Апошні сігнал ад Норберта мы атрымалі 15 верасня; ён быў зафікасаваны ля вытокаў ракі Чыкапа ў правінцыі Паўднёвая Лунда, Ангола. Чым выклікана такое доўгае маўчанне, і ці жывая яшчэ птушка, адназначна сказаць пакуль нельга. Магчыма і такое развіццё падзей, якое здарылася з зязюляй па мянушцы Віктар: больш за два тыдні ад птушкі не было сігнала, таму што яна трымалася ў густых лясах нацыянальнага парку ў Румыніі. У гэты час з-за недахопу святла батарэя не магла поўнасцю зараджацца, і новыя сігналы ад Віктара пайшлі толькі тады, калі птушка пачала вандроўку на поўдзень.

Рака Чыкапа ў правінцыі Паўднёвая Лунда (Ангола), дзе апошні раз была адзначана зязюля па мянушцы Норберт.

Зязюля па мянушцы Віктар, якая адной з першых заляцела так далёка на поўдзень і ўжо стала трымалася ў ваколіцах возера Чыбонда (правінцыя Маланжэ, Ангола), вырашыла паляцець яшчэ далей. Па апошніх дадзеных Віктар праляцеў больш за 600 км на поўдзень і дабраўся амаль да самай мяжы з Намібіяй. Затым ён змяніў накірунак свайго палёту і праляцеў на поўнач яшчэ 200 км. Зараз птушка знаходзіцца каля невялічкага паселішча з назвай Chinguanja, у даліне ракі Кучы. Такое рэзкае змяненне напрамку палёту можна патлумачыць тым, што далей на поўдзень пачынаецца пустыня Калахары і надвор'е у гэтых мясцінах даволі спякотнае.

Беларускія зязюлі якія знаходзяцца ў Замбіі — у правінцыі Паўночна-Заходняя — апошнія некалькі дзён стала трымаюцца ў тых жа мясцінах што і раней. Павел знаходзіцца на тэрыторыі ляснога рэзервата Chibombo, а ўсяго ў 100 км ад яго знаходзіцца зязюля Юлія, яна трымаецца непадалёку ад горада Чылікіта. У бліжэйшыя дні тут чакаюцца кароткачасовыя ападкі, а тэмпература паветра зрэдку будзе падымацца да адзнакі ў 32 оС.

Апошняя птушка, якая перасякла лінію Экватару і дабралася да Анголы — зязюля па мянушцы Філ — за час другога этапу восеньскай міграцыі пераадолела больш за 2300 км. Такім чынам, на сённяшні момант птушка знаходзіцца на адлегласці больш чым у 6500 км ад ваколіц Турава, дзе яна атрымала свой перадатчык. Па апошніх дадзеных Філ трымаецца ў 50 км ад горад Маланжэ, сталіцы аднаіменнай правінцыі. У параўнанні з Чадам, дзе Філ знаходзіўся некалькі дзён таму, і ў якім зараз тэмпература дасягае 40 оС, надвор'е тут даволі спрыяльнае — дзённая тэмпература не перавышае 30 оС і кожны дзень ідуць дажджы. 

Усе беларускія птушкі дабраліся да мясцінаў дзе правядуць большую частку зімовых месяцаў, як яны будуць тут сябе паводзіць вы зможаце даведацца першымі на нашай адмысловай старонцы, а таксама праз фэйсбук ці твітар.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: