«Журавінавая асалода»

ад 23 кастрычніка 2013 года

У вёсцы Альманы адбылося свята «Журавінавая асалода». Удзельнікамі сталі жыхары Альманаў ды прылеглых тэрыторый.

У вёсцы Альманы адбылося свята "Журавінавая асалода". Удзельнікамі сталі жыхары Альманаў ды прылеглых тэрыторый. Такое свята ў вёсцы ладзіцца другі год і прысвечана ўслаўленню беларускіх збіральнікаў журавінаў.

Госці свята маглі пачаставацца журавінавымі прысмакамі альманскіх гаспадынь, набыць сувеніры палескіх майстроў, паспрабаваць на сабе ці набыць касметыку вядомай маркі. Усё гэта суправаджалася забаўляльным канцэртам Столінскіх і раённых народных калектываў. Адмысловымі выканаўцамі былі фалькларысты з Польшчы, якія спявалі пекныя палескія песні.

"Ахова птушак Бацькаўшчыны" ў складзе Вольгі Лукшыц, Юлі Траццяк і Яўгена Герасіменкі разгарнула для гасцей свята сваю вялікую праграму. Кожны прысутны ад малога да старога мог паназіраць за птушкамі ў біноклі і падзорную трубу, пакінуць свой голас у падтрымку беларускіх балот, пагуляць у развіваючыя і рухомыя гульні, далучыцца да сеткі захавальнікаў тэрыторый, важных для птушак, стаць сябрам АПБ. Для актыўных удзельнікаў праграмы АПБ былі падрыхтаваныя адмысловыя падарункі.

Вялікай папулярнасцю з боку маладога пакалення карысталася павелічальная оптыка, віктарына "Што я за птушка" і рухомыя гульні. Больш сталае насельніцтва цікавілася пытаннямі захавання балот, асабістага ўдзелу ў прыродаахоўных акцыях. Педагогі шукалі карысны метадычны матэрыял, некаторыя дзяліліся сваім уласным досведам у назіраннях за птушкамі.

Ёсць надзея, што Альманскія балоты ў мясцовага насельніцтва будуць асацыявацца не толькі як месца збору журавінаў, але і як тэрыторыя, на якой сустракаюцца рэдкія віды птушак, звяроў ды раслін. 

Юля Траццяк, сябра АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: