Павел у ПАР, а Юлія ў Мазамбік

ад 20 лістапада 2013 года

Павел паляцеў па шляху Юліі, Віктар і Філ зараз у Анголе, а ад Норберта ўжо два месяцы няма ніякіх сігналаў. Чытайце апошнія навіны пра беларускіх зязюль!

Яшчэ адна беларуская зязюля не затрымалася надоўга ў Замбіі і рушыла далей на паўднёвы-ўсход: Павел за некалькі дзён праляцеў больш за 1100 км і дасягнуў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР).

Зараз птушка знаходзіцца ў правінцыі Лімпапо на захад ад знакамітага нацыянальнага парка Кругер. Дадзеная тэрыторыя Selati Game Reserve таксама мае прыродаахоўны статус і паўстала, як сваесаблівы звяз некалькіх землеўладальнікаў і фермерскіх гаспадарак з мэтай захавання ўнікальнага тутэйшага жывёльнага комплексу.

Апошні сігнал ад Паўла падказаў нам, што птушка трымаецца непасрэдна каля ракі Селаці (Selati або Ge-Selati), якая зараз, у сезон дажджоў, стала паўнаводнай. У бліжэйшыя некалькі дзён у гэтай мясцовасці пройдуць моцныя дажджы і тэмпература будзе трымацца каля 20-23 оС.

Гіпапатам - звычайны госць на рацэ Селаці, на беразе якой апошні раз быў адзначаны Павел. Фота з panoramio.com

У гэты ж самы час Юлія пакінула ПАР і накіравалася ў Мазамбік, дзе яшчэ не было нашых птушак са спадарожнікавымі перадатчыкамі. Хоць зязюля і праляцела каля 200 км на паўднёвы-ўсход, зараз яна знаходзіцца ўсяго ў 20 км ад мяжы з ПАР, у правінцыі Газа. Дадзеная мясцовасць з'яўляецца ўсходняй часткай нацыянальнага парка Лімпапо, які ў сваю чаргу з'яўляецца часткай вялікага транспамежнага парка. Апошнія некалькі кропак ад Юліі засведчылі, што яна трымаецца каля невялікай дарогі, якая ідзе вакол вадасховішча Масінгер, створанага ў 2006 г. Дадзеная мясцовасць уяўяе з сябе рэдкалессе вышынёй у некалькі метраў. Надвор'е тут амаль такое ж, як і ў мясцовасці, дзе зараз знаходзіцца Павел, бо паміж птушкамі ўсяго 13 км, але ападкаў тут будзе трошкі менш.

Прыкладна так выглядае біятоп, у якім трымаецца зязюля Юлія. Фота з panoramio.com

Ад Норберта ўжо другі месяц няма ніякіх сігналаў. Надзеі, што ён знойдзецца, ўжо амаль няма. Магчыма, што перадатчык згубіўся ці зламаўся. Дзве іншыя нашы птушкі, Віктар і Філ, зараз у Анголе. Цікава будзе даведацца, ці паляцяць яны далей на поўдзень, як Павел і Юлія? Асабліва ўлічваючы той факт, што на іх шляху знаходзяцца дзве пустыні — Наміб і Калахары. Сачыце за зязюлямі разам з намі.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: