Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Цудоўная чацвёрка
Навіна арганізацыі ад 30 лістапада 2013 года
Чатыры з пяці зязюль па-ранейшаму працягваюць свой шлях, ад Норберта няма ніякіх сігналаў. Мы працягваем сачыць за тым, куды ж ляцяць беларускія зязюлі.За мінулы тыдзень нашы зязюлі не здзейснілі якіх-небудзь значных пералетаў, і сігналы ад іх ідуць стала. Як і раней, Філ і Віктар застаюцца ў Анголе, у той час як Юлія і Павел трымаюцца ў Мазамбіку і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР) адпаведна.
Самае далекае падарожжа на гэтым тыдні здзейсніў Філ, праўда, адлегласць яго пералёту складае усяго 100 км. Спачатку ён паляцеў на паўднёвы захад, а пасля змяніў напрамак на 900 і паляцеў на паўднёвы ўсход. Птушка пакінула правінцыю Бенгела і знаходзіцца ў правінцыі Намібэ. Рэльеф мясцовасці значна не змяніўся і ўяўляе сабой невялікія ўзгоркі з асобнымі, даволі высокімі, гарамі. На гэтым тыдні надвор'е тут было камфортнае, невялікія ападкі штодзень і дзённая тэмпература ў межах 20-27 оС.
Віктар зараз знаходзіцца на поўначы правінцыі Куненэ і за мінулы тыдзень здзейсніў толькі некалькі кароткіх пералетаў. Надвор'е тут больш спякотнае, днём тэмпература паветра можа дасягаць 35 оС, і штодзень выпадае шмат ападкаў.
Павел і Юлія застаюцца на тых жа месцах, што і тыдзень назад: ў правінцыі Лімпапо (ПАР) і правінці Газа (Мазамбік) адпаведна. Хутчэй за ўсё птушкі адпачываюць пасля доўгага пералёту і аднаўляюць свае сілы. Магчыма, яны тут правядуць яшчэ некаторы час, тым больш, што надвор'е спрыяе гэтаму. Тэмпература паветра рэдка падымаецца вышэй 24 оС і перыядычна ідуць моцыня дажджы.
Ад Норберта, нажаль, як і раней няма ніякіх сігналаў, але будзем спадзявацца, што астатнія нашы чатыры зязюлі будуць стала слаць сігналы і паспяхова вернуцца ў Беларусь. Сачыце за імі разам з намі!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: