Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Зязюля — птушка 2014 года!
Навіна арганізацыі ад 11 снежня 2013 года
АПБ выбрала зязюлю птушкай 2014 года. Чытайце цікавыя факты пра яе, а таксама пра міжнародную кампанію па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі.
Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) выбрала птушкай 2014 года зязюлю звычайную!
Традыцыйна, у рамках кампаніі "Зязюля – птушка 2014 года" будзе арганізаваны шэраг конкурсаў і мерапрыемстваў, мэта якіх прыцягнуць увагу да праблем гэтага віду. Пра іх можна будзе давецца пазней на нашым сайце.
Нацыянальную кампанію "Птушка года" АПБ праводзіць з 2000 г. Галоўная мэта кампаніі – прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас. У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод.
У 2013 годзе Беларусь далучылася да міжнароднай праграмы па спадарожнікавым сачэнні за звычайнай зязюляй. З дапамогай спецыяльных датчыкаў, якія замацоўваюцца на птушках, можна атрымаць інфармацыю пра іх месцазнаходжанне у рэжыме рэальнага часу, што дазваляе вызначыць шляхі міграцыі і месца зімоўкі. Такі метад дазваляе даведацца больш пра гэты, здавалася б, звычайны від. На пяці беларускіх зязюлях ужо з’явіліся датчыкі, а у новым годзе плануецца далучыць да сачэння яшчэ дзесяць птушак. На працягу некалькіх месяцаў мы назіралі, куды ляцяць Норберт, Віктар, Юлія, Філ і Павел. Спадзяемся, што ў 2014 годзе вы з вялікім інтарэсам будзеце разам з намі працягваць сачыць за беларускімі зязюлямі.
"Лічыцца, што зязюлі – нашы птушкі, беларускія, але ў Беларусі яны праводзяць толькі тры месяцы ў год. Большую частку года яны мігруюць альбо знаходзяцца на зімоўцы ў Афрыцы. Таму праз зязюлю мы хочам яшчэ раз звярнуць увагу на значнасць міграцый і зімовак для птушак. На тое, што захаванне міграцыйных відаў мажліва толькі ў трансгранічным кантэксце", — распавёў Віктар Фянчук, дырэктар АПБ.
Колькасць зязюлі ў Еўропе скарачаецца ў сувязі са зменай практык вядзення сельскай гаспадаркі. У Беларусі сітуацыя лепш, таму нашыя дадзеныя дазволяць лепш зразумець асаблівасці біялогіі гэтага незвычайнага віда.
10 цікавых фактаў пра зязюлю:
1. Кукуе толькі самец. Голас самкі падобны да чалавечага рогату.
2. Самкі маюць дзве морфы – шэрую і рудую.
3. З-за завостраных крылаў і паласатага малюнка на жываце падчас палёту зязюля падобна да драпежнай птушкі. Дзякуючы гэтаму самец зязюлі палохае птушку-гаспадара гнязда, а ў гэты час самка падкідвае яйка.
4. Зязюле хапае ўсяго 10-16 секунд, каб падкласці яйка ў гняздо.
5. Зязюля падкідвае яйкі ў гнёзды не ўсім відам птушак, але спіс "ахвяраў" налічвае больш за 100 відаў.
6. Падкінутыя яйкі амаль супадаюць па колеры з яйкамі гаспадароў гнязда. Самка зязюлі за адзін сезон можа адкласці ад 8 да 25 яек, праўда, на кожныя 5 падкінутых яек вырастае толькі адно птушаня.
7. Час ад адкладкі яек да вылуплення птушанят у зязюлі менш, чым у тых, у чыіх гнёздах яны знаходзяцца.
8. Зязюля – дальні мігрант. Узімку яна ляціць у Афрыку. Ляцяць птушкі часцей за ўсё не чарадой, а паасобку.
9. Зязюлі ядуць вусеняў, пакрытых валаскамі, якіх іншыя птушкі не чапаюць. Так адбываецца з-за таго, што валаскі упіваюцца ў асаблівае пакрыццё сценак страўніка птушкі, а потым гэта пакрыццё выводзіцца са страўніка разам з валаскамі.
10. У паданнях шматлікіх народаў зязюля з’яўляецца сімвалам дабрабыту.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: