Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У Афрыцы без пераменаў
Навіна арганізацыі ад 22 снежня 2013 года
Беларускія зязюлі трымаюцца ў тых жа мясцінах, дзе былі раней. Некаторыя з іх здзейсняюць невялікія пералёты, але сітуацыя значна не змяняецца. Сачыце за імі разам з намі!Ад нашых зязюль стала ідуць сігналы: па дадзеных за мінулыя два тыдні птушкі застаюцца ў тых жа мясцінах, што і раней. Мяккае надвор'е, якое ўсталявалася ў гэтым рэгіёне, таму спрыяе. Штодзённая тэмпература ў Анголе і Мазамбіку не перавышае 29 оС. Штодзень ідуць дажджы, пераважна ў Анголе, у ПАР і Мазамбіку ападкі неістотныя.
Далей за ўсіх за гэты час адляцела зязюля Юлія, праўда, ўсяго на 20 км. Яна перасекла вадасховішча Масінгер і зараз знаходзіцца на яго супрацьлеглым беразе. Па-ранейшаму птушка застаецца ў правінцыі Мазамбіка — Газа. Хоць Юлія і праляцела ўсяго некалькі кіламетраў, але яна пакінула тэрыторыю нацыянальнага парка Лімпапо, ў якім знаходзілася ўвесь час да гэтага.
Недалёка ад Юліі ў правінцыі Лімпапо ў ПАР трымаецца наша другая зязюля — Павел. Ужо больш за месяц птушка застаецца на тэрыторыі заказніка Салеці і наўрад ці куды паляціць адсюль у бліжэйшы час.
Больш чым ў 2000 км ад Паўла і Юліі, амаль на самым ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна ў Анголе, трымаецца зязюля па мянушцы Філ. Птушка здзейсніла шэраг кароткіх пералётаў, але па-ранейшаму застаецца ў ваколіцах невялічкага населенага пункта Camucuio ў правінцыі Намібэ. А ў суседняй правінцыі Кунэнэ знаходзіцца яшчэ адна наша птушка — зязюля Віктар. Падобна Філу, птушка здзейсніла шэраг пералётаў, але застаецца ў той жа мясцовасці, што і раней.
Застануцца беларускія зязюлі на адных і тых жа месцах ці яны будуць здзейсняць пералёты па Паўднёвай Афрыцы, даведайцеся разам з намі.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: