Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Назад у Анголу
Навіна арганізацыі ад 18 студзеня 2014 года
Зараз амаль усе зязюлі з перадатчыкамі знаходзяцца ў Анголе. Як па-рознаму паводзяць сябе ў гэтай краіне беларускія птушкі, чытайце ў чарговым аглядзе.Пасля непрацяглага знаходжання ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР), наша самая паўднёвая зязюля Павел вярнулася ў Анголу. У гэтым жа накірунку рушыла яшчэ адна наша птушка з Мазамбіка — Юлія. Зараз амаль усе зязюлі з перадатчыкамі знаходзяцца ў Анголе, праўда, толькі Юлія знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад яе мяжы, ў Намібіі. Як па-рознаму паводзяць сябе ў гэтай краіне беларускія птушкі, якія атрымалі свае перадатчыкі ў ваколіцах Турава, чытайце ў чарговым аглядзе.
Некалькі дзён назад зязюля па мянушцы Юлія была адзначана на тэрыторыі Намібіі, у самай усходняй яе вобласці — Капрыві. Апошнія сігналы сведчаць, што птушка зараз знаходзіцца ў Нацыянальным парку Бвабвата (Bwabwata National Park), паміж рэкамі Кванда і Акванга. Бвабвата з'яўляецца транспамежнай прыродаахоўнай тэрыторыяй і ўваходзіць у склад Транспамежнай прыродаахоўнай вобласці Каванга-Замбезі (Kavango–Zambezi Transfrontier Conservation Area), у склад якой уваходзяць нацыянальныя паркі пяці краін.
Асноўная мэта дадзенага ўтварэння не толькі захаванне рэдкіх відаў млекакормячых і птушак, але і стварэнне ўмоў для бесперашкоднай міграцыі сланоў праз дадзеную тэрыторыю. Частка НП Бвабвата таксама з'яўляецца Тэрыторыяй, важнай для птушак (IBA — Mahango Game Reserve and Kavango river), на якой можна яшчэ сустрэць такія рэдкія віды птушак, як Southern Ground Hornbill (Bucorvus leadbeateri) і Wattled Crane (Bugeranus carunculatus). Дадзеная мясцовасць уяўляе сабой савану, якая чаргуецца з кустарнікавымі зараслямі. Тэмпература паветра ў Бвабвата зрэдку падымаецца да 30 оС і кожны дзень ідуць кароткачасовыя дажджы. Магчыма, Юлія затрымаецца тут на некаторы час, а магчыма паляціць у Анголу, ад мяжы якой знаходзіцца ўсяго ў 10 км.
У Транспамежнай прыродаахоўнай вобласці Каванга-Замбезі, але ўжо з боку Анголы, трымаецца яшчэ адна наша птушка — зязюля Павел. Апошнія сігнал сведчаць, што Павел знаходзіцца ў правінцыі Кванда Кубанга ў самай паўднёва-усходняй яе частцы. Гэта тэрыторыя ўваходзіць у склад частковага запаведніка Luiana (Luiana Partial Reserve). Шчыльнасць насельніцтва тут даволі малая. Гэта мясцовасць мае мазаічны характар, дзе тыповыя саванныя кавалкі чаргуюцца з балоцістай мясцовасцю ў далінах рэк. Надвор'е тут такое ж, як і паўднёвей, дзе ў 50 км знаходзіцца Юлія. Адна з найбольш тыповых птушак, якую тут можна сустрэць, гэта афрыканскі страўс (Struthio camelus).
Нечакана для ўсіх на поўнач выправілася яшчэ адна наша птушка. Гэтым разам за некалькі дзён зязюля Віктар праляцела праз усю краіну і пераадолела больш чым 1000 км. Апошні сігнал ад яе прыйшоў з правінцыі Уіжэ ўсяго ў 50 км ад мяжы з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга. Перавалодваюць тут лясы ў далінах некалькіх рэк. Тэмпература паветра тут зараз трымаецца каля 25 оС, праўда ападкаў не так шмат як звычайна, зрэдку ідуць кароткачасовыя дажджы. Магчыма Віктар і працягнуў свой палёт на поўнач і зараз ужо далёка ад гэтых мясцін, але ўжо амаль каля тыдня ад яго няма новых сігналаў. Хоць перадатчык і павінен перадаваць сігналы кожныя тры дні, будзем спадзявацца, што з Віктарам усё добра і гэта проста тэхнічная замінка.
Яшчэ ў больш трывожным стане апынулася зязюля Філ. Ад яе няма сігналаў з самага пачатку года. Апошні раз птушка была адзначана 2 студзеня ў правінцыі Уіла каля невялікай гары. Будзем спадзявацца, што гэта ўсяго нейкая тэхнічная праблема, звязаная з немагчымасцю перадаць сігнал з-за рэльефу ці магчымасці поўнасцю зарадзіць батарэю.
Хоць птушкі і атрымалі амаль адначасова свае перадатчыкі ў ваколіцах Турава, лёс іх складаецца ў Анголе зусім па-рознаму, толькі Юлія ды Павел зараз трымаюцца адносна разам. За тым, як яны будуць паводзіць сябе далей, сачыце разам з намі.
Яўген Сліж, дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і каардынатар праграмы па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі
Падзяліся артыкулам у сацсетках: