Самыя папулярныя навіны АПБ за 2013 год!

ад 21 студзеня 2014 года

Мы падрыхтавалі для вас агляд матэрыялаў нашага сайта за год. Чытайце, што АПБ рабіла, чаго дасягнула і што запланавала зрабіць.

Студзень
У канцы месяца адбыўся З’езд грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны". На першы план арганізатары выдвінулі пытанні захавання беларускіх балот. Менавіта таму адзін з галоўных вынікаў  – прыняццё Рэзалюцыі аб спыненні незваротнага асваення беларускіх балот. Удзельнікі звярнулі ўвагу на неадназначную сітуацыю з планамі па здабычы торфа на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і прызвалі Урад Рэспублікі Беларусь забяспечыць абгрунтаваны падыход да выкарыстання балот Беларусі, як ключавога элемента экалагічнага каркаса краіны. Стратэгічным падыходам у дадзеным накірунку павінна стаць, у першую чаргу, захаванне натуральных балот, аднаўленне закінутых асушаных тарфянікаў і арганізацыя эфектыўнага і ўстойлівага "зялёнага" выкарыстання асушаных тэрыторый.
Пытанні захавання балот – адны з прыярытэтных для арганізацыі, таму АПБ працягнула працу па прыцягненню ўвагі да праблем рэарганізацыі шэрагу беларускіх заказнікаў для здабычы торфа, у тым ліку і ў рамках грамадскай кампаніі па захаванню балот.

Альманскія балоты. Фота В.Дамброўскага

Люты
Скончыўся міні-праект "Рэдкія віды птушак у аграландшафце" Брэсцкага абласнога аддзялення. За пяць месяцаў удзельнікі правялі шмат цікавых назіранняў за рэдкімі і ахоўнымі відамі птушак у Брэсцкай, Віцебскай, Мінская і Магілёўскай абласцях.
За час улікаў у рамках праекта было адзначана дзевяць відаў рэдкіх і ахоўных птушак, якія гняздзяцца ці чые гнездавыя ўчасткі ўключаюць аграландшафты. Сярод іх грыцук вялікі, кулён вялікі, сокал-пустальга, сава балотная, драч, стрынатка садовая, свірстун палявы, мармытуля паўночная і жаўрук-смяцюх. Па інфармацыі, атрыманай пасля заканчэння праекту, былі складзены пашпарты, частка з іх будзе выкарыстоўвацца для распрацоўкі механізма кіравання рэдкімі відамі, якія гняздзяцца на зямлі сельскагаспадарчых арганізацый.

Самец стрынаткі садовай на бульбяным полі, 06.2012, Камянецкі р-н

Сакавік
У 2013 годзе "Ахова птушак" вырашыла уплываць на праблему вясенняга палявання не зусім традыцыйна. Петыцыі, заклікі да паляўнічых і дзяржаўных органаў не мелі амаль ніякага сэнсу. Менавіта таму ў сакавіку шырокая грамадскасць убачыла паштоўкі з кранаючымі радкамі пра забітых птушак. Такі спосаб прыцягнуць увагу да вясенняга палявання ў Беларусі выклікаў вострыя абмеркаванні і наўрадці пакінуў кагосьці абыякавым. Гэта ўжо другі праект АПБ сумесна з рэкламнай агенцыяй Publicis Hepta Belarus.

Красавік
Распачаўся вялікі праект па стварэнні другога еўрапейскага Атласа гняздуючых птушак па ініцыятыве Еўрапейскага савету па ўліках птушак (ЕВСС). Даследванні працягнуцца пяць гадоў (2013-2017 гг.), а выданне кнігі запланавана на 2020 год. Паўдзельнічаць у праекце вызваліся амаль 50 краін.
У межах гэтага праекту плануецца стварыць першы нацыянальны Атлас гняздуючых птушак Беларусі. На сённяшні дзень Беларусь – адна з нямногіх краін Еўропы, дзе яшчэ ніколі не ствараўся свой нацыянальны Атлас птушак. У той жа час некаторыя краіны (Чэхія, Велікабрытанія) стварылі 2-3 Атласы, адзін у 10 год, і не збіраюцца спыняцца.
Падобны нацыянальны Атлас дазволіць атрымаць каштоўныя дадзеныя пра распаўсюджванне і колькасць гняздуючых птушак Беларусі, прасачыць дынаміку, планаваць дзеянні па ахове прыроды, праводзіць спецыфічныя навуковыя аналізы і г.д.

Травень
Да Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці, які адзначаецца 22 траўня, грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" падрыхтавала спіс Топ-15 прыродных тэрыторый Беларусі, найбольш значных для захавання відаў і экасістэм на еўрапейскім узроўні. Матэрыял быў распрацаваны таксама да 15-годдзя АПБ, якое арганізацыя адзначыла ўвесну 2013 года.
У спіс увайшлі такія прыродаахоўныя тэрыторыі нашай краіны як Белавежская пушча, Балота Дзікое, Балота Спораўскае, Простыр, Сярэдняя Прыцяць, Альманскія Балоты, Прыпяцкі нацыянальны парк і некаторыя іншыя.

Чэрвень
У чэрвені беларуская супольнасць адзначыла первую перамогу ў барацьбе за захаванне балот. Пракуратурай Пухавіцкага раёну Мінскай вобласці рашэнне аб пераўтварэнні ландшафтнага заказніку мясцовага назначэння "Ветеревичский" было прызнана незаконным.
Праверка высветліла, што падрыхтоўка да адводу зямель пад здабычу торфа адбывалася з парушэннямі патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з гэтага, рашэнне было адменена.

Заказнік "Ветеревичский". Фота з bezbolot.net

Ліпень
Напачатку ліпеня распачаўся вялікі міжнародны праект па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі. Удзельнічаюць у ім тры краіны: Беларусь, Германія і Брытанія. Арнітолагі вырашылі высветліць, якімі шляхамі мігруюць зязюлі і адказаць, куды ж яны ляцяць.
У праекце ўдзельнічаюць 15 птушак, па пяць з кожнай краіны. Усе яны атрымалі спадарожнікавыя перадатчыкі, якія дасылаюць сігнал на спадарожнік, а той у сваю чаргу і вылічвае каардынаты птушак. Дадзеныя абнаўляюцца кожныя два дні: перадатчык працуе на сонечнай батарэі, якая актыўнічае 10 гадзінаў, а потым два дні перазараджаецца. Такім чынам, можна сачыць за тым, як і куды рухаюцца зязюлі.
Праект рэалізуецца Баварскім таварыствам аховы птушак з Германіі і грамадскай арганізацыяй  "Ахова птушак Бацькаўшчыны" з Беларусі пры тэхнічнай патдрымцы Брытанскага траста па арніталогіі і з фінансаваннем з боку Нямецкай агенцыі па міжнароднаму супрацоўніцтву.

Зязюля Норберт

Жнівень
Валанцёры і спецыялісты грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", а таксама літоўскія іхтыёлагі даследвалі ніжнюю плыню ракі Ашмянка Гродзенскай вобласці. Падчас гэтай экспедыцыі ўдзельнікамі быў выяўлены шэраг патэнцыйных пагроз для ракі і ласосяў, якія заплываюць туды для нерасту. З фермы "Рымдзюны" ў Астравецкім раёне ў раку сцякала забруджаная арганікай вада, а бераг каля вёскі Солы Смаргонькага раёну быў адведзены пад кукурузнае поле. Спецыялісты таксама адзначылі, што дзейнасць Рачунскай ГЭС каля Ашмянкі прыводзіць да значных хістанняў узроўня вады: ноччу яна накапліваецца, а раніцай паніжаецца. Рэзкія змены ўзроўня вады і моцная плынь падчас сбросу негатыўна сказваецца на жыхарах ракі.
Інфармацыю пра выяўленыя парушэнні прародаахоўнага заканадаўства ўдзельнікі экспедыцыі перадалі ў тэрытарыяльныя органы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асароддзя.

ГЭС - не толькі фізічная перашкода для ласосяў, але і значна змяняе гідралагічны рэжым ракі

Верасень
На сайце АПБ з’явіўся першы онлайн-вызначальнік птушак на беларускай мове. З яго дапамогай можна даведацца, якія віды ёсць у Беларусі, разглядзець на фотаздымках і нават паслухаць голас.
Электронны вызначальнік змяшчае інфармацыю пра ўсіх птушак Беларусі. Для кожнага віда дададзены апісанні, інфармацыя пра тое, дзе яны жывуць, якія будуюць гнёзды, калі іх можна пабачыць і г.д.
Адной з галоўных асаблівасцей электроннага вызначальніка з'яўляецца тое, што ў ім выкарыстоўваюцца фотаздымкі замест малюнкаў. Гэта дазваляе разглядзець амаль рэальную птушку, якой мы яе бачым за вакном.

Кастрычнік
Новыя метады даследвання дазволілі пабачыць таемнае жыццё жывёл у Белавежскай пушчы. У кастрычніку на тэрыторыі пушчы адбыўся шэраг міжнародных семінараў, прысвечаных развіццю доўгатэрміновых даследванняў рэакцыі экасістэм на ўмацаванне запаведнасці. Падчас семінараў беларускія і нямецкія навукоўцы абмеркавалі новыя падыходы да вывучэння дынамікі лясных экасістэм. У прыватнасці – выкарыстанне такіх новых распрацовак, як фота-пасткі і аўтаматычныя рэгістратары кажаноў.
Хутка адбылося першае пробнае прымяненне фота-пастак і нават паказала іх эфектыўнасць для вывучэння не толькі капытных, але і драпежных млекакормячых. У аб’ектыў аўтаматычнай фотакамеры трапілі амаль усе буйныя зверы.

Воўк, алень, янотападобны сабака, зубр

Лістапад
У лістападзе стала вядома, што ў Беларусі з’явіцца першы інтэрактыўны адукацыйны цэнтр па захаванні ласосяў. Ён будзе створаны ў Астравецкім раёне ўжо ў 2014 годзе.
Плануецца, што інтэрактыўны адукацыйны цэнтр будзе спрыяць асветніцкай і прыродаахоўнай працы па захаванні мест, дзе абітаюць ласосевыя рыбы. Супрацоўнікі грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", эксперты ў галіне іхтыялогіі, гідрабіялогіі і педагогікі дапрацоўваюць канцэпцыю цэнтру, які стане адным з ключавых элементаў экалагічнай адукацыі не толькі Астравецкага раёну, але і іншых рэгіёнаў калі ракі Вілія.

Снежань
У снежні 2013 года адбылося падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж ДПУ "Белавежская пушча", ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Франкфурцкім заалагічным таварыствам (Германія). Мемарандум аб супрацоўніцтве і далучаны да яго План дзеянняў акрэсляць накірункі ўзаемадзеяння на бліжэйшыя пяць гадоў. Асноўная мэта пагаджэння – супрацоўніцтва ў вобласці ўмацавання запаведання ў нацыянальным парку "Белавежская пушча": садзейнічанне натуральнай дынаміцы лясных экасістэм, аднаўленне гідралагічнага рэжыму парушаных тэрыторый.

Прадстаўнікі ФЗТ, ДПУ "Белавежская пушча" і АПБ

Алеся Скідан, інфармацыйны супрацоўнік АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: