Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
6847 птушак не засталіся галоднымі ў мінулыя выходныя
Навіна арганізацыі ад 22 студзеня 2014 года
Падведзены вынікі традыцыйнай акцыі «Птушкі на кармушцы». Аб тым, дзе было больш за ўсё ўдзельнікаў, чым ласаваліся птушкі на кармушках і хто перамог у латарэі, чытайце ў нашым матерыяле.Далёка не ўсе птушкі пакідаюць месцы свайго гнездавання восенню. Многія застаюцца на зімоўку. Гэты перыяд адзін з самых складаных у іх жыцці: зімой яны могуць загінуць ад недахопу ежы. Менавіта таму вялікае значэнне мае падкормка вераб'іных птушак чалавекам з наступленнем халадоў.
У гэтыя выходныя адбылася традыцыйная акцыя "Птушкі на кармушцы". Нягледзячы на тое, што маразы ўсталяваліся зусім нядаўна, ўдзельнікі за два дні падкармілі 6847 птушак!
Усяго за выходныя на кармушкі завіталі птушкі 41 віду. Часцей за іншых бачылі сініцу вялікую (1648 асобін), на другім месцы – верабей палявы (1569 птушкі), на трэцім – верабей дамавы (1346 птушак). Таксама шмат было шызых галубоў (530 асобін) і гілёў (325 асобін), прыляталі каўкі (256) і звычайныя зелянушкі (191). Поўны спіс птушак можна спампаваць.
Дадзеных прыйшло даволі шмат, але, на жаль, частка з іх не могуць з’яўляцца дакладнымі: не заўсёды проста самому вызначыць від. Некаторыя дадзеныя па колькасці таго ці іншага віда таксама выклікаюць пытанні. Спадзяемся, што ў наступным годзе нашы назіральнікі змогуць дакладней вызначыць пярнатых сяброў на сваіх кармушках.
Не абышлося і без рэдкіх птушак. Напрыклад, як і ў мінулым годзе, толькі ў адным месцы, Брэсце, назіралі малінаўку, а вось двух берасцянак бачылі толькі ў г.Жодзіна, яны прыляталі да кармушкі Віктара Гаўрыленка, сябра АПБ.
Удзельнікі выкарыстоўвалі ў якасці корма насенне сланечніка, гарбуза, зерне злакаў. Птушкі ласаваліся несалёным салам і арэхамі. Некаторыя скарысталіся нашымі парадамі па вырабу кармушак.
Усяго ў акцыі паўдзельнічалі 743 чалавекі. Прадстаўнікі кожнай з абласцей занеслі свае назіранні ў онлайн-форму. Больш за ўсё было ўдзельнікаў са Слуцку – амаль 300 чалавек.
З дапамогай сайту random.org мы разыгралі 10 значыкаў з выявамі птушак, якія прылятаюць на кармушкі. Па выніках латарэі перамаглі наступныя ўдзельнікі: Андрэй Шэўчык, Таццяна Мазай, Алла Чуль, Алена Малена, Наталля Кіслюк, Ганна Багеша, Святлана Дзядкова, Вадзім Пракапчук, Алена Камінская, Таццяна Суліма. Пераможцы атрымаюць свае прызы на працягу тыдня па пошце.
Больш фотаздымкаў з акцыі шукайце тут.
Дзякуй усім за назіранні, чакаем вашага ўдзелу ў наступным годзе!
Паліна Федарава, каардынатар акцыі "Птушкі на кармушцы"
Падзяліся артыкулам у сацсетках: