Доўгая дарога дадому

ад 7 лютага 2014 года

Ужо зараз беларускія зязюлі пачынаюць перасоўвацца на поўнач, хутка мы ўбачым іх у Беларусі. Сачыце разам з намі за іх падарожжам.

Трошкі больш за два месяцы застаецца да таго моманту, як у Беларусі з'явяцца першыя зязюлі, і мы пачуем іх гучнае "ку-ку". Але ўжо зараз яны пачынаюць рыхтавацца і патроху перасоўвацца на поўнач. Зязюлі, ад якіх мы яшчэ атрымдіваем сігналы, зараз знаходзяцца больш чым за 7000 км ад Беларусі, і малаверагодня, што гэту адлегласць яны пераадолеюць за адзін пералёт. Таму нас чакае цікавае і доўгае падарожжа дадому, якое пачынаецца ўжо зараз.

Першым рухацца на поўнач пачаў Віктар, на самым пачатку года ён здзейсніў пералёт амаль 1000 км, і пасля гэтага мы перасталі атрымліваць ад яго сігналы. Адначасова, перасталі сігналы ісці і ад іншай нашай птушкі — зязюлі Філа. Доўгае маўчанне — і шанцы на тое, што яны яшчэ жывыя, змяншаліся кожны дзень. Напэўна, Віктар любіць паказытаць нам нервы, як і летам, пасля доўгага маўчання, ён зноў выйшаў на сувязь — усяго ў некалькіх кіламетрах ад апошняй кропкі. Зараз птушка знаходзіцца ў правінцыі Уіжэ ў Анголе, у даліне невялікай ракі. А вось ад Філа і да гэтага часу няма ніякіх звестак, апошні раз ён быў адзначаны ў правінцыі Уіла напачатку студзеня.

На сённяшні момант уся ўвага накіравана на зязюлю па мянушцы Павел. Па апошніх дадзеных перадатчыка, птушка выправілася ў палёт на поўнач. Усяго за пару дзён Павел пераадолеў амаль 1000 км праз усю Анголу і зараз знаходзіцца ў правінцыі Паўднёвая Лунда. Апошні раз зязюля была адзначана ў даліне невялікай ракі Chiumbe. Надвор'е ў гэтай мясцовасці зараз трымаецца лётнае, таму ці застанецца зязюля тут, ці працягне свой палёт на поўнач у бок Дэмакратычнай Рэспублікі Конга мы даведаемся ўжо з наступным сігналам.

У даліне ракі Chiumbe апошні раз быў адзначаны Павел. Фота з panoramio.com

А вось зязюля Юлія пакуль не спяшаецца куды-небудзь ляцець. Пакінуўшы Намібію, трошкі пагасціўшы ў Анголе, птушка зараз трымаецца ў Замбіі ў Заходняй правінцыі. Апошнія сігналы сведчаць, што Юлія трымаецца ўсяго ў 30 км ад ракі Замбезі, непадалёку ад маляўнічага вадаспаду Нганье. Дадзеная тэрыторыя мае ахоўны статус і ўваходзіць у Nampiu Forest Reserve.

Зязюля Юлія ўжо колькі дзён трымаецца непадалёку ад маляўнічага вадаспаду Нганье. Фота з panoramio.com

З кожным тыднем нашы зязюлі будуць усе больш набліжацца да Беларусі, нас чакаюць цікавыя пералёты і нечаканыя мясціны. Сачыце за зязюлямі разам з намі і назірайце, як вясна прыходзіць у Беларусь.

Яўген Сліж, дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і каардынатар праграмы па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі

дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і каардынатар праграмы па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі — See more at: http://www.ptushki.org/info/press/item/11496.html#sthash.2actRmAa.dpuf


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: