Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У чаканні вясны
Навіна арганізацыі ад 15 лютага 2014 года
На Беларусі ўжо адчуваецца подых вясны, і нашы зязюлі пачынаюць патроху рыхтавацца да вяртання на Радзіму. Сачыце разам з намі, як яны будуць ляцець у Беларусь.Пасля амаль сінхроннага пералёту на поўнач беларускія зязюлі не спяшаюцца працягваць сваю вандроўку далей. Ужо некалькі дзён яны трымаюцца на тых жа самых месцах, толькі здзяйсняюць невялікія пералёты. Па-ранейшаму, Павел і Віктар знаходзяцца ў Анголе, а Юлія трымаецца ў Замбіі.
Хоць да радасці ўсіх Віктар і аб'явіўся пасля працяглага маўчання, стала дасылаць сігналы спадарожнікам ён, напэўна, не збіраецца. Пасля апошняй перадачы, якая адбылася 7 лютага, ужо больш за тыдзень мы не маем ад яго ніякіх звестак, хоць перадатчык за гэты час павінен быў даслаць ужо тры сігналы. Апошнія звесткі сведчаць, што птушка знаходзіцца ў даліне невялікай ракі ў правінцыі Уіжэ. Спадарожнікавыя здымкі гэтай мясцовасці могуць нам падказаць, чаму зноў ад Віктара няма сігналаў. Расліннасць у даліне ракі даволі шчыльная, і калі птушка ўвесь час трымаецца ў кроне дрэваў, то з-за недахопу святла сонечная батарэя перадатчыка не можа поўнасцю перазарадзіцца і даслаць новыя сігналы. Будзем спадзявацца, што мы даведаемся дзе Віктар знаходзіцца, як толькі птушка "выйдзе на белы свет".
Ад зязюлі Паўла таксама ўжо пяты дзень няма ніякіх сігналаў. Будзем спадзявацца, што гэта часовая недарэчнасць. Апошняя кропка, дзе быў адзначаны, — недалёка ад невялікага населенага пункта Лукапа ў правінцыі Паўночная Лунда. Птушка трымаецца недалёка ад ракі Luachimo. На поўначы Анголы, дзе трымаюцца зараз Павел і Віктар, зараз даволі камфортнае надвор'е, тэмпература трымаецца каля 28 оС і амаль штодзень ідуць кароткачасовыя дажджы.
У адрозненні ад ангольскіх зязюль, сігналы ад Юлі ідуць стала, і мы ведаем, дзе зараз птушка знаходзіцца. Апошні раз яна была адзначана ў Паўночна-Заходняй правінцыі Замбіі. Птушка трымаецца непадалёку ад ракі Замбезі ў некалькі кіламетрах ад аднайменнага населенага пункту.
На Беларусі ўжо адчуваецца подых вясны, і нашы зязюлі пачынаюць патроху рыхтавацца да вяртання на Радзіму. Сачыце разам з намі, як яны будуць ляцець у Беларусь.
Яўген Сліж, дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і каардынатар праграмы па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі
Падзяліся артыкулам у сацсетках: