Час рабіць домікі для птушак!

ад 14 сакавіка 2014 года

Штогод вясной многія людзі будуюць шпакоўні і развешваюць іх на дрэвах ці слупах. Мы прапануем вам таксама рабіць домікі для сініц. Чытайце, як правільна зрабіць домік, і хто туды можа засяліцца.

Прыйшла вясна, а гэта значыць, што трэба чакаць першых вясенніх птушак, якія вось-вось прыляцяць у Беларусь. Падкормліваць іх ужо няма сэнсу — пры такім  надвор'і не так цяжка знайсці корм. А вось дапамагчы птушкам з жыллём вы можаце.

Штогод вясной многія людзі будуюць шпакоўні і развешваюць іх на дрэвах ці слупах. У такі домік можа засяліцца акрамя шпакоў яшчэ некалькі розных відаў птушак: дамавы і палявы вераб'і, вялікая сініца, круцігалоўка, папаўзень звычайны.

Мы прапануем вам таксама рабіць домікі для сініц. Размясціўшы іх у сваім садзе ці двары, вы пабачыце шмат цікавых і новых для вас птушак. Так, у малы сінічнік могуць засяліцца сіняя сініца, сініца-маскоўка, валасяніца пярэстая, у вялікі — вялікая сініца, дамавы і палявы вераб'і, звычайная рудахвостка.

Як зрабіць домік для птушак

Самае важнае пры будоўлі доміка для птушак — правільна выразаць ляток — дзірку, у якую будуць залятаць птушкі. Для шпакоўні яна павінна быць ад 4,5 да 5 см, для малога сінічніка — ад 2,6 да 3 см, а для вялікага — ад 3,2 да 4 см.

Мы раім не адшліфоўваць дрэва знутры доміка, каб птушаняты ў будучыні змаглі лёгка выбірацца з яго. Таксама можна пакрыць лакам альбо фарбай домік звонку, так ён стане больш даўгавечным.

Шпакоўні звычайна развешваюць на вышыні не менш за тры метры ад зямлі. Домікі для сініц можна зафіксаваць на вышыні ад трох да васьмі метраў, у садах, парках ці недалёка ад іх.

Замацоўваць домікі для птушак трэба так, каб не нашкодзіць дрэву. Лепш за ўсё проста прывязаць дротам, для гэтага ў верхняй частцы доміка робяць спецыяльныя петлі. Добра, калі домік будзе крыху нахіляцца наперад. Гэта дазволіць птушкам лёгка вылятаць з яго.

Рабіце домікі для птушак і назірайце за іх жыхарамі!

Алеся Скідан, інфармацыйны супрацоўнік АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: