Зноў у Анголу

ад 18 сакавіка 2014 года

Зязюля Юлія зноў перабралася ў Анголу, Віктар застаецца ў правінцыі Ашанці, ад Паўля дагэль няма сігналаў. Сачыце за зязюлямі разам з намі!

Апошнія звесткі ад Юліі сведчаць, што наша зязюля зноў перабралася ў Анголу. Гэтым разам на тэрыторыю краіны яна трапіла, паступова рухаючыся ў паўночным накірунку з Замбіі. Праляцеўшы колькі дзясяткаў кіламетраў, птушка зараз знаходзіцца ва ўсходняй правінцыі Анголы — Мошыка. Трымаецца яна ў маланаселенай узгорыстай тэрыторыі (вышыня над узроўнем мора складае каля 1100 метраў), на правым беразе ракі Замбезі. Па левым беразе ракі ў гэтай мясцовасці праходзіць усходняя мяжа Нацыянальнага парку Камея. Надвор'е зараз тут даволі дажджлівае, штодзённа ідуць моцныя дажджы, праўда, тэмпература не перавышае 26 оС.

Закат над ракой Замбезі, недалёка ад якой трымаецца зязюля Юлія. Фота з panoramio.com

Ад нашай Ганскай птушкі — зязюлі па мянушцы Віктар, таксама стала ідуць сігналы. За апошні тыдзень яна пераадолела некалькі дзясяткаў кіламетраў, але па-ранейшаму застаецца ў правінцыі Ашанці. Па апошніх звестках птушка знаходзіцца ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад мяжы Нацыянальнага парку Діжыа (Digya) ў правінцыі Бронг-Ахафа, адной са старэйшых прыродаахоўных тэрыторый Ганы. Трымаецца яна на плато Кваху (Kwahu), на вышыні каля 130 метраў ад узроўню мора, у даліне аднаго са шматлікіх прытокаў ракі Афрам, якая ўпадае ў возера Вольта. Тутэйшыя біятопы ўяўляюць з сябе пераходныя сістэмы ад лясоў да саван. У адрозненні ад Анголы, тэмпература тут трымаецца каля 32 оС і высокая вільготнасць.

Актуальнае месцазнаходжанне Юліі на сённяшні дзень

А вось ад Паўла і да гэтага часу няма ніякіх сігналаў. Будзем спадзявацца, што ён аб'явіцца ў бліжэйшы час, і, як нашы астатнія зязюлі, паляціць да Беларусі. Як нашы птушкі вяртаюцца на Радзіму, сачы разам з намі!

Яўген Сліж, дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення і каардынатар праграмы па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: