Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
«Мудрый филин» сабраў 19 каманд-удзельніц!
Навіна арганізацыі ад 24 сакавіка 2014 года
15 сакавіка ў Мінску ў пачатковай школе №29, адбыўся раённы адборачны тур гарадскога конкурсу аматараў птушак «Мудрый филин». Сапраўдным пераможцам у гэты дзень стала СШ №36.
15 сакавіка ў Мінску ў пачатковай школе №29, адбыўся раённы адборачны тур гарадскога конкурсу аматараў птушак "Мудрый филин". Арганізатарамі мерапрыемства выступілі супрацоўнікі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Маяк": метадыст-эколаг Таццяна Лапко, заведучая адзелам сацыяльна-педагагічнай дзейнасці Сняжана Бакарыкава, а таксама Руслан Шайкін, намеснік дырэктара пачатковай школы №29 па вучэбнай рабоце. Яны склалі журы конкурсу.
Прыемна, што ў гэтым годзе Ленінскі раен прадставіў аж 19 каманд! У іх былі дзеці рознага ўзросту, але аб’яднала ўсіх прага да ведаў і любоў да птушак і прыроды. На пачатку конкурса Карына Салавей, каардынатар кампаніі "Жывая Вясна", правяла прэзентацыю кампаніі, распавяла, як прыняць удзел у вясновых назіраннях, а таксама пра конкурсы і мерапрыемствы, якія чакаюць усіх на працягу кампаніі. Таму, хто ўважліва слухаў, веды, атрыманыя пра птушак "Жывой вясны" нават дапамаглі адказаць на пытанні аднаго з тураў конкурсу.
Конкурс "Мудрый филин" складаўся з чатырох тураў. Спачатку арганізатары прапанавалі адказаць на шэраг пытанняў пра птушак, якія былі разлічаны як на агульныя веды, так і на кемлівасць. У другім туры каманды адгадвалі птушак, слухаючы іх галасы. Потым усе ўдзельнікі ўважліва глядзелі фільм Ігара Бышнёва "Заказнік "Лебядзіны" і адказвалі на пытанні пра адзіны гарадскі заказнік Беларусі. У апошнім туры дзяцей чакала віктарына пра птушку года — зязюлю звычайную. Цікава, што правільныя адказы можна было пачуць пасля кожнага тура — Руслан Шайкін ня толькі цікава і зразумела тлумачыў правільныя адказы, але і каментаваў, што азначае тая ці іншая інтанацыя ў галасах птушак, і нават паказваў, як можна самастойна зымітаваць голас птушкі. Падчас асноўнага конкурсу таксама праходзіла спаборніцтва на лепшае штучнае гняздоўе, домікі для птушак былі прыгожыя і арыгінальныя.
Падводзячы вынікі, можна ўпэўнена сказаць, што конкурс прайшоў у спартовай барацьбе — усе каманды былі добра падрыхтаваныя і вельмі стараліся. Удзельнікі ня толькі паказалі, на што здольныя, але і атрымалі новыя веды і памятныя падаруначкі. Сапраўдным жа пераможцам у гэты дзень стала СШ №36. Лепшыя домікі для птушак пабудавалі навучэнцы СШ №36, СШ №164, Гімназіі №1. Шчыра віншуем пераможцаў і жадаем перамогі на гарадскім конкурсе!
Карына Салавей, каардынатар кампаніі "Жывая вясна"
Падзяліся артыкулам у сацсетках: