Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Тога і Конга
Навіна арганізацыі ад 27 сакавіка 2014 года
Ад зязюль Віктара і Юліі стала ідуць сігналы: па апошніх звестках яны дабраліся да Тога і ДР Конга адпаведна і працягваюць свой рух. Ужо праз месяц яны павінны вярнуцца ў Беларусь. Як беларускія зязюлі будуць пераадольваць больш за 7000 км, сачыце разам з намі.Ад зязюль Віктара і Юліі стала ідуць сігналы: па апошніх звестках яны дабраліся да Тога і ДР Конга адпаведна і працягваюць свой рух. Ужо праз месяц яны павінны вярнуцца ў Беларусь. Як беларускія зязюлі будуць пераадольваць больш за 7000 км, сачыце разам з намі.
Яшчэ ў адну афрыканскую краіну заляцелі нашы птушкі са спадарожнікавымі перадатчыкамі. Зляцеўшы з Ганы, зязюля па мянушцы Віктар перабралася ў суседнюю краіну Тога. Птушка праляцела ўсяго 160 км, пераадолела возера Вольта і дабралася да плато ў цэнтральнай частцы краіны. Апошні сігнал, які быў атрыманы 19 сакавіка, паказвае, што птушка была ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад невялікага горада Амламе (правінцыя Плато), насельніцтвам у 10 000 тыс. чалавек. Апошні раз птушка знаходзілася на самай мяжы плато, вышыня над узроўнем мора тут рэзка мяняецца з 700 метраў амаль да 300.
Дзённая тэмпература ў гэтых мясцінах дасягае 32 оС, амаль кожны вечар тут ідуць кароткачасовыя дажджы, вецер слабы, назіраецца высокая вільготнасць. Цікава, што Віктар ляціць на ўсход у той час як брытанскія зязюлі с перадатчыкамі ў гэтай жа мясцовасці ляцяць на захад, каб пасля праз Заходнюю Афрыку вяртацца ў Еўропу. Імаверна, нашы зязюлі будуць вяртацца іншым шляхам, праз цэнтральную частку Афрыкі.
З нашых ангольскіх зязюль, нажаль, стала перадае сігналы толькі перадатчык Юліі, ад Паўла ўжо больш за месяц няма ніякіх звестак, а ад Філа з пачатку года і да гэтага часу няма ніякіх звестак.
Апошнія кропкі ад зязюлі Юлі сведчаць, што яна пакінула Анголу і трымае накірунак на Поўнач. Праляцеўшы каля 400 км, птушка дабралася да правінцыі Луалаба ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Зараз птушка знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад невялікага населенага пункта Тшыбамба і ракі.
Вышыня над узроўнем мора у дадзенай мясцовасці складае больш за 1000 м. Дзённая тэмпература паветра зрэдку перавышае 25 оС, штодзень ідуць моцныя дажджы і назіраецца высокая вільготнасць. Наўрадці Юлія адразу паляціць у Беларусь, бо адлегласць адсюль складае амаль 7000 км, таму варта чакаць, што птушка будзе вяртацца на радзіму ў некалькі этапаў.
Як Юлія і Віктар ляцяць на Беларусь, сачыце разам з намі!
Яўген Сліж, дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення і каардынатар праграмы па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі
Падзяліся артыкулам у сацсетках: