У Беларусі можа стаць на адзін від птушак больш!

ад 31 сакавіка 2014 года

Горная гусь, зарэгістраваная сябрам АПБ Віктарам Казлоўскім 27 сакавіка, можа стаць 327 відам птушак Беларусі. Каб фармальна з’явіцца ў спісе беларускіх відаў, яе павінна зацвердзіць Беларуская Арніта-фаўністычная камісія.

На прыканцы сакавіка ў Бялыніцкім раёне на Магілёўшчыне ў змешанай групе белалобых і гусей-гуменніц былі сфатаграфаваныя 2 асобіны горных гусей (Anser indicus).

Гэта высокагорны від, распаўсюджаны ў краінах Цэнтральнай Азіі, зімуе ў Паўночнай Індыі і заходнім Пакістане. Птушкі, якія адзначаны ў многіх краінах Еўропы на захад ад Беларусі, лічацца здзічэлымі асобінамі, якія збеглі з заапаркаў ці падобных месцаў развядзення і ўтрымання птушак у няволі, або іх патомкамі. Таму для еўрапейскай фауны гэта від-інтрадуцэнт.

Аўтар: В.Казлоўскі

Добра вядома, што інвазійныя чужародныя віды застаюцца адной з галоўных пагроз захаванню біяразнастайнасці ва ўсім Свеце, асабліва на астравах. На жаль, не з’яўляецца выключэннем і наш кантынент, на якім навукоўцы зарэгістравалі ажно 12 тысяч відаў-інтрадуцэнтаў, прычым сярод іх ўжо прыкладна 1500 відаў вядомыя як сур’ёзныя шкоднікі для еўрапейскай прыроды і эканомікі. Зусім нядаўна брытанскія даследчыкі знайшлі, што для некаторых мясцовых відаў птушак нават прысутнасць інтрадуцэнтаў на месцы харчавання змяняе іх паводзіны і вельмі адмоўна ўздзейнічае на яго эфектыўнасць.

Дзякуючы "жалезнай заслоне" ад краін Заходняй Еўропы, якая апусцілася на захад ад краін т.зв. сацыялістычнага блоку праз нядоўгі час пасля Другой Сусветнай вайны, краіны Ўсходняй і Центральнай Еўропы змаглі ізалявацца таксама і ад пушак-інтрадуцэнтаў. Ў той час, як заходнія краіны "паляпшалі" сваю прыроду папугаямі ды ткачыкавымі, інтрадуцэнтамі на ўсходзе кантыненту станавіліся галоўным чынам птушкі для паляванняў: бажаны, качкі, гусі ды курапаткі.

Горная гусь. Аўтар: Ron Knight

У Заходняй Еўропе колькасць відаў-інтрадуцэнтаў птушак увесь час расла: з 36 перад пачаткам "халоднай вайны", да 46 за перыяд з 1945 па 1991 год, і да 54 у наш час. У краінах Усходняй Еўропы "халодная вайна" пачалася з 11 відамі птушак-інтрадуцэнтаў, і за час яе працягу да іх дадалося толькі 5 новых відаў. Тым не менш, яшчэ 14 са 121 магчымага іншаземнага віду птушак праніклі ў гэтыя краіны ўжо пасля 1991 году.

На шчасце для беларускай прыроды, ў нас за ўвесь час даследаванняў арнітафауны былі адзначаны толькі 4 такія віды птушак: канадская казарка (вельмі нешматлікі залётны від), качка-мандарынка (апошняя рэгістрацыя адбылася ў 1987 годзе), бажан (невялікая гняздуючая папуляцыя захавалася толькі на скрайнім паўднёвым захадзе краіны) і барадатая курапатка (якая не прыжылася пасля інтрадукцый у 1959-60 гг.).

Рэгістрацыя Віктарам Казлоўскім сёлета 27 сакавіка горнай гусі ў нашай краіне павялічвае гэты спіс відаў-інтрадуцэнтаў. Аднак, каб фармальна з’явіцца ў ім, яе павінна пацвердзіць Беларуская Арніта-фауністычная камісія, чарговае паседжанне якой прызначана на пачатак красавіка.

Крыніца: сайт "Птушкі штодня"



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: