Большая палова птушак «Жывой Вясны» вярнулася на Радзіму!

ад 20 красавіка 2014 года

Далучайцеся да кампаніі «Жывая Вясна» — назіранні за птушкамі надаюць выключнае адчуванне еднасці з прыродай, прыносяць самыя станоўчыя эмоцыі і сапраўдны веснавы настрой.

Сёння мы пазнаёмім вас з самымі цікавымі назіраннямі і падзелімся цікавосткамі, якія чакаюць вас у бліжэйшы час у межах "Жывой Вясны".

Але спачатку давайце даведаемся, як адбываецца кампанія і паглядзім на яе прамежкавыя вынікі. Згодна дадзеным сайта www.springalive.net, дзякуючы вашым назіранням, Беларусь зараз на другім месцы сярод 52-х краін. Звыш 13 000 чалавек ужо ўзялі ўдзел у самых буйных веснавых назіраннях птушак "Жывой Вясны". Самымі вялікімі аматарамі птушак застаюцца жыхары Мінскай вобласці, а вось Гродзенская і Магілёўская па назіранням значна адстае. Спадзяемся, што цёплае надвор’е станоўча паўплывае на ўсіх жыхароў нашай краіны,  дазволіць ня толькі сустрэцца з птушкамі, але і падзяліцца гэтай радасцю на сайце www.springalive.net.

Як мы ўжо пісалі раней,  у Беларусь вярнуліся вясковыя ластаўкі — адныя з птушак-удзельніц  "Жывой Вясны"! Адным з першых падзяліўся сваім назіраннем Аляксандр Лагодзіч: "Разам з дачкой вяртаўся дадому і выпадкова заўважыў вясковую ластаўку. Вельмі да месца пры сабе быў фотаапарат, ластаўку, якая прысела адпачыць атрымалася сфатаграфаваць". Дзякуй вялікі Аляксандру за цікавае назіранне і прыгожае фота.

Адно з першых назіранняў за вясковымі ластаўкамі. Аўтар А.Лагодзіч

А праз чатыры дні Ірына Самусенка напісала, што сустрэла каля пяці вясковых ластавак на Чыжоўскім вадасховішчы ў Мінску.  І таксама падзялілася цёплым вясновым фота з удзельнікамі Жывой Вясны на сайце і ў сацыяльных сетках, за што ёй вялікі дзякуй. Вось так, сябры, вясковых ластавак можна сустрэць не толькі ў вёсцы, трошкі дапытлівасці  і увагі — і ўсё атрымаецца!

Вясковыя ластаўкі. Аўтар І.Самусенка

Цікава што некаторым ужо пашэнціла пачуць птушку  года Беларусі:17 красавіка Дзяніс Кіцель напісаў у вясновым блогу, што птушка кукавала на ўскрайку лесу.  У гэты ж дзень падзяліўся сваёй сустрэчай з зязюлей і Станіслаў Верталь: "Слухаў, як крычыць чапля-бугай, і раптам пачуў, як зязюля пачала кукаваць непадалёк ад мяне у лесе". Пакуль на сайце зарэгістравана толькі 11 зязюль. Спадзяемся, што ў хуткім часе паслухаць птушку года атрымаецца і ў вас.

Што датычыцца мерапрыемстваў, 26 красавіка, у вельмі  сумны для Беларусі дзень, "Жывая Вясна" заклікае задумацца пра лёс Радзімы, прыроды і птушак, а таксама наведаць назіральную пляцоўку ў Мінскім заапарку. Будзем спадзявацца на сустрэчу з вясковай ластаўкай, падзелімся ўражаннямі ад назіранняў іншых птушак. Прыходзьце, сябры, а 14 00 гадзіне.

Яшчэ не далучыліся да кампаніі "Жывая Вясна"? Нагадваем, што гэта можна зрабіць у любы момант — дзяліцеся сваімі першымі назіраннямі белага бусла, вясковай ластаўкі, зязюлі звычайнай, чорнага свіргуля, шчуркі-пчалаедкі на адмысловым сайце праз форму дадаць назіранне ці дасылайце смс-паведамленне на нумар 0841 (абавязкова ўкажыце вашае імя, прозвішча, час назірання, месца, колькасць і назву птушак, у адказ вы атрымаеце падарунак — спасылку на голас адной з птушак "Жывой вясны").

Нагадваем, што ў межах кампаніі адбываюцца конкурсы на лепшы слоган кампаніі, лепшае фота, лепшае назіранне (гісторыю, відэа) і конкурс малюнка. У чэрвені пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы.

Далучайцеся, сябры, да кампаніі "Жывая Вясна" — назіранні за птушкамі  надаюць выключнае адчуванне еднасці з прыродай, прыносяць  самыя станоўчыя эмоцыі і сапраўдны веснавы настрой.

Карына Салавей, каардынатар кампаніі "Жывая Вясна"
springalive@ptushki.org



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: