Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вясна ў Мінскім заапарку!
Навіна арганізацыі ад 28 красавіка 2014 года
26 красавіка ў Мінскім заапарку «Ахова птушак Бацькаўшчыны» арганізавала назіральную пляцоўку за птушкамі. Чытайце, каго бачылі ў той дзень наведвальнікі!26 красавіка ў Мінскім заапарку "Ахова птушак Бацькаўшчыны" арганізавала назіральную пляцоўку за птушкамі. Шмат дзетак і дарослых у гэты сонечны дзень наведалі Мінскі заапарк. Многія затрымаліся на нашай пляцоўцы, каб паназіраць нырка чубатага, качку-крыжанку, лебедзя-шыпуна. Птушкі павольна рухаліся, дазвалялі разгледзець сябе ва ўсёй прыгажосці. А вось нырок-сівак відавочна абедаў — амаль увесь час жвава ныраў пад ваду, але асабліва цярплівым і ўважлівым усё адно пашэнціла яго пабачыць. Над вадою плыўна лёталі чайкі-рыбачкі і крычкі рачныя, дорачы сапраўднае пачуццё спакою.
Сярод іншых птушак таго дня варта адзначыць белую пліску, палявога і дамавога вераб’ёў, сініцу вялікую. А яшчэ з нашага цудоўнага мосціка адкрываўся неверагодна прыгожы від на гнёзды адной з птушак "Жывой Вясны" — белага бусла. Цікава, што адно гняздо размясцілася над вальерам з белаплечымі арланамі. Такім чынам наведвальнікі назіральнай пляцоўкі маглі не толькі даведацца пра кампанію \"Жывая Вясна", атрымаць інфармацыйную ўлётку, але і непасрэдна пабачыць аднаго з пяці крылатых пасланак вясны, абраных кампаніяй для рэгістрацыі сваіх першых назіранняў.
Спадзяемся, дзякуючы нашай пляцоўцы, наведвальнікі заапарка будуць часцей звяртаць увагу на птушак у паўсядзённым жыцці. Надвор’е спрыяе бавіць вольны час на прыродзе, шчыра жадаем новых цікавых птушыных назіранняў!
Карына Салавей, каардынатар кампаніі "Жывая Вясна"
springalive@ptushki.org
Падзяліся артыкулам у сацсетках: