Беларускія зязюлі вярнуліся ў Беларусь!

ад 30 красавіка 2014 года

Беларускія зязюлі Віктар і Юлія пасля амаль дзевяці месяцаў адсутнасці вярнуліся на Радзіму. Дзе яны былі, якія прыгоды ім сустрэліся на шляху — чытайце ў нашым матэрыяле!

Беларускія зязюлі Віктар і Юлія пасля амаль дзевяці месяцаў адсутнасці вярнуліся на Радзіму. За гэты час яны пераадолелі больш за 15 000 км, перасеклі некалькі кліматычных зон і лінію экватару, пабывалі ў Паўднёвым паўшар’і, двойчы перасеклі Міжземнае мора і пустыню Сахару, і вярнуліся ў Беларусь. Зараз яны трымаюцца ў Жыткавіцкім раёне, у тых жа мясцінах, дзе і атрымалі адмысловыя спадарожнікавыя перадатчыкі. Вярнуліся яны ў Беларусь для размнажэння, каб пакінуць нашчадкаў. Усяго праз тры месяцы яны зноў выправяцца ў свой доўгі і небяспечны шлях у Афрыку, і іх жыццёвы цыкл паўторыцца.

Прайшоў амаль год з пачатку міжнароднай праграмы па спадарожнікаваму сачэнню за зязюлямі. Упершыню ў траўні мінулага года пяць беларускіх птушак атрымалі спадарожнікавыя перадатчыкі для адсочвання іх міграцыі. За тым, як птушкі ляцелі да месцаў зімовак у Афрыку і назад, можна было сачыць на адмысловай старонцы сайта грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Інфармацыя пра актуальная месцазнаходжанне зязюль абнаўлялася кожныя 3-4 дні.

Першыя атрыманыя вынікі здзівілі даследчыкаў: ужо ў ліпені большасць зязюль пакінула тэрыторыю краіны і накіравалася на поўдзень — на Украіну. На Беларусі птушкі знаходзіліся толькі тры месяцы. Тлумачыцца гэта тым, што для размнажэння птушкі выкарыстоўваць гнездавы паразітызм, калі яйкі яны падкідаюць у гнёзды іншых птушак, і зязюлі не прымаюць ніякай ролі ў выхаванні сваіх птушанят.

На пачатку жніўня зязюлі здзейснілі пералёт у цэнтральную Афрыку. За некалькі дзён птушкі пераадолелі больш за 4000 км, перасеклі Міжземнае мора і спякотную пустыню Сахару. Спыніліся яны ў прыроднай зоне Сахель на тэрыторыі Чада і Судана. Дзякуючы сезону дажджоў, у гэты час дадзеная мясцовасць уяўляе сабой прыдатнае месца для аднаўлення запасаў энергіі, якая пайшла на складаны пералёт.

На другім этапе зязюлі здзейснілі яшчэ адзін пералёт у 3000 км, перасеклі вечназялёныя трапічныя экватэрыяльныя лясы, лінію экватару і дасягнулі Анголы, афрыканскай краіны ў Паўднёвым паўшар’і. Тут птушкі правялі ўсе зімовыя месяцы, таму што якраз на іх і прыходзіцца найбольшая колькасць ападкаў і, як вынік, магчымасць здабыць корм. Па невядомым прычынам, перадатчыкі трох з пяці птушак перасталі перадаваць сігналы, і іх лёс на сённяшні дзень невядомы. У гэты час зязюля па мянушцы Павел здзейсніла невялікі пералёт і дасягнула самай паўднёвай афрыканскай краіны — Паўднёва Афрыканскай Рэспублікі. Гэта кропка знаходзіцца больш чым у 8000 км ад Беларусі.

У зваротны шлях Віктар і Юлія выправіліся на пачатку красавіка. Перадатчык Віктара засведчыў, што птушка спачатку перабралася ў Гану, дзе правяла некаторы час, а пасля праз Сахару, Сіцылію і Албанію вярнулася ў Беларусь. Юлія ляцела амаль тым жа самым шляхам што і ў Афрыку — Чад, Сахара, Турцыя.

Дзякуючы праекту стала вядома, што беларускія зязюлі ляцяць на зімоўку ў Афрыку, здзяйсняючы два пералёты ў 3000-4000 км. Большую частку часу нашы зязюлі праводзяць не ў Беларусі, а ў Анголе, дзе яны зімуюць. Тры птушкі з перадатчыкамі (60%) зніклі ў Анголе, у свеце таго што колькасць зязюль у Еўропе памяншаецца, гэта можа сведчыць пра наяўнасць сур’ёзных праблем у віда на зімоўцы ў гэтай краіне. Для высвятлення гэтага пытання праект па спадарожнікаваму сачэнню за беларускімі зязюлямі працягнецца ў гэтым годзе. У бліжэйшы час яшчэ 10 птушак атрымаюць спадарожнікавыя перадатчыкі.

Праект рэалізуецца Баварскім таварыствам аховы птушак з нямецкага боку, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" з беларускага, пры тэхнічнай падтрымцы Брытанскага арніталагічнага таварыста і фінансаваннем з боку Нямецкага агенства па міжнароднаму супрацоўніцтву.

Калі вы ў чарговы раз пачуеце голас зязюлі, ведайце, што, магчыма, не так даўно яна вярнулася з Анголы. Як яны туды ляцяць і вяртаюцца назад, сачыце разам з грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

Яўген Сліж



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: