10 птушак далучыліся да праекта па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі

ад 13 мая 2014 года

У гэтым годзе ўжо 10 беларускіх зязюль адсочваюцца новымі перадатчыкамі. Праект працягваецца, сачыце разам з намі!

У мінулым годзе быў пачаты ўнікальны міжнародны праект па спадарожнікавым сачэнні за зязюлямі. Удзельнічаюць у ім Беларусь, Германія і Брытанія. Арнітолагі гэтых краін вырашылі высветліць шляхі міграцыі зязюль, якія дагэтуль застаюцца невядомымі.

Спадарожнікавае сачэнне за зязюлямі было распачата ў Вялікабрытаніі  ў 2011 годзе і звязана са значным зніжэннем колькасці гэтых птушак у Англіі, што не характэрна для Уэльса і Шатландыі. Пытанне,чаму такая сітуацыя склалася ў межах адной краіны, зацікавіла навукоўцаў. Гэты від добра вывучаны на гнездаванні, але вельмі мала вядома аб іх шляхах міграцыі ў Афрыку і тых месцах, дзе зязюлі праводзяць зімовыя месяцы.

Казаць аб прычынах зніжэння колькасці не магчыма без ведання асаблівасцей жыцця зязюль на месцах гнездавання і падчас зімоўкі і міграцыі. Навукоўцы лічаць, што зніжэнне колькасці зязюлі ў Англіі можа быць звязана з рознымі шляхамі міграцыі птушак з розных частках краіны. Мабыць, англійскія зязюлі выбіраюць больш небяспечны шлях для міграцыі альбо зімуюць у больш складаных умовах, з-за чаго дадому іх вяртаецца значна менш.

У 2013 годзе ў межах праекта спадарожнікавыя перадатчыкі замацавалі на пяці беларускіх зязюлях, што дапамагло адсачыць іх міграцыю. Дзве з пяці беларускіх птушак — Віктар і Юлія, паспяхова вярнуліся дадому. Такім чынам, мы атрымалі першыя дадзеныя аб асаблівасцях міграцыі беларускіх зязюль. Аднак на гэтым праект не скончыўся, і ў гэтым годзе ўжо 10 беларускіх зязюль адсочваюцца новымі перадатчыкамі.

Адлоў новых зязюль адбываецца з 5 па 15 траўня. Першых пяць птушак зноў адлавілі ў наваколіцах Турава, а статніх ловяць у наваколіцах Мсціслаўля. Дзякуючы гэтаму, можна будзе высветліць, ці адрозніваюцца шляхі міграцыі беларускіх зязюль з розных абласцей рэспублікі, альбо яны абяруць той жа шлях, што і папярэднія птушкі. Для адлова выкарыстоўваліся галасавая правакацыя і пудзіла зязюлі. Адлоўленыя птушкі атрымлівалі спутнікавыя перадатчыкі, якія мацаваліся як своеасаблівы заплечнік. Сам працэс замацоўкі перадатчыка – праца даволі доўгая, шмат увагі надаецца таму, каб перадатчык ніякім чынам не замінаў птушцы, і на такое рэгуляванне можа затрачвацца каля 20 хвілін. Пасля гэтага робіцца шэраг фотаздымкаў птушкі, і тая вяртаецца ў звыклае асяроддзе. Акрамя таго невялікая колькасць пёраў кожнай зязюлі будзе даследавана генетыкамі, што таксама дапаможа ў разуменні асаблівасцяў стратэгіі міграцыі.

Зараз зязюлі на радзіме, але ў хуткім часе яны адправяцца ў складанае падарожжа, па выніках сачэння за якім можна будзе даведацца крыху больш пра асаблівасці іх жыцця.

Настасся Кузьмянкова, валанцёр АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: