Салаўіныя вечары з «Аховай птушак Бацькаўшчыны»

ад 19 мая 2014 года

17 і 18 мая «Ахова птушак Бацькаўшчыны» зладзіла дзве экскурсіі ў межах традыцыйнай акцыі «Салаўіныя вечары».

Першая экскурсія адбылася 17 мая ў лесе ля Сцяпянскага вадасховішча нягледзячы на зменлівае надвор’е.  Экскурсаводам у гэты дзень быў арнітолаг, супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы.

Самыя апантаныя аматары птушак не спужаліся дажджу, і не дарэмна – птушкі  спявалі з усіх бакоў. Вось яна, сапраўдная ўзнагарода ўсім, хто дайшоў у той дзень на экскурсію.  Каля 35-ці ўдзельнікаў пачулі не толькі салаўя, але і пабачылі вялікага голуба, качак-крыжанак, вялікага дзятла,  дразда-спявуна і іншых птушак.  Дзякуючы выдатнаму экскурсаводу, слухачы былі вельмі зацікаўленыя, задавалі шмат пытанняў, намагаліся навучыцца адрозніваць птушак.

Другая  экскурсія прайшла 18 мая. У гэты цёплы сонечны вечар у Севастопальскім парку  сабраліся каля 80-ці чалавек! Экскурсаводам выступіў старшыня "Аховы птушак Бацькаўшчыны" Аляксандр Вінчэўскі, які захапляльна распавядаў цікавосткі  як пра салаўя,  так і пра іншых птушак, дзяліўся птушынымі гісторыямі і адказваў на шматлікія пытанні дапытлівых слухачоў.  Удзельнікам пашанцавала  пачуць трох розных салаўёў.   Але першы салавей  спяваў так разнастайна, гучна і прыгожа, што пакінуў асаблівае незабыўнае адчуванне сапраўднага птушынага канцэрту. За цікавымі размовамі пра птушыны свет парка час праляцеў незаўважна — больш за дзве гадзіны доўжылася экскурсія.

Спадзяемся, што ў гэтыя выходныя ўсе, хто прыйшоў на нашы экскурсіі даведаліся шмат чаго новага і атрымалі сапраўдную асалоду ад птушыных спеваў.  Вялікі дзякуй усім за цёплую  сяброўскую атмасферу,  павагу і ўважлівасць.  Шчыра запрашаем удзельнічаць і надалей у мерапрыемствах  і акцыях АПБ!

А вы ўжо чулі салаўя ў гэтым годзе? Калі не, то гэта легка выправіць пры дапамозе "Салаўінай карты", на якой мінчане ўжо адзначылі каля 98-мі кропак, дзе спявае салавей у Мінску!  Проста зазірніце на старонку, знайдзіце зручнае для вас "салаўінае" месца ў горадзе і адпраўляйцеся насустрач чароўным спевам. Жадаем, каб кожнаму пашансавала пачуць гэтай вясной аднаго з самых цудоўных выканаўцаў птушынай песні!

Аўтары фота: Наталля Мінчук-Сычова, Ганна Трафімчук.

Карына Салавей, супрацоўнік па акцыях і кампаніях АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: