Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
«Ласось — не госць. То наш зямляк!»
Навіна арганізацыі ад 17 лістапада 2014 года
Ужо некалькі тыдняў на Беларусі ідзе нераст кумжы. Як адбываецца патруляванне рэк і хто — валанцёры-памагатыя?Ужо некалькі тыдняў на Беларусі ідзе нераст кумжы. Гэтыя нястомныя маўклівыя вандроўнікі змаглі пераадолець 500 кіламетраў з Балтыйска мора па раце Вілія, каб вясной у нашых рэках з’явіліся тысячы малькоў. “Захаваць ласосевых у нашых рэках!” – пад такім дэвізам на нерастовых ручаях арганізавана валанцерскае патруляванне. Мэта патрулявання – не даць браканьерам шанцаў перашкодзіць здзейсніцца цуду ў рэках. Бо імкненне рыб у родныя рэкі для нераста варта падтрымліваць. Чаму? Таму што працэсы, якія адбываюцца з іх арганізмам і абменам рэчаваў пры змене салёнай марской вады на прэсную рачную, адкладанне ікры і яе развіцце – гэта сапраўдны цуд прыроды!
Акрамя натуральных перашкод, на шляху рыб – шмат выпрабаванняў праз дзейнасць чалавека (забруджванне, плаціны). І асабліва шкада, што рэдкія рыбы могуць цалкам быць вынішчаны праз незаконную рыбалку.
Мінпрыроды ў чэрвені 2014 года зацвердзіла “Планы дзеянняў па захаванні кумжы і сёмгі”, у ажыццяўленні якіх прымаюць удзел шэраг арганізацый. У верасні-кастрычніку прайшлі падрыхтоўчыя нераст-мерапрыемсты, быў пракантраляваны стан асноўных нераставых рэк. З дапамогай ДЛГУ “Астравецкі лясгаз” і Варнянскага лясніцтва была ліквідавана звалка смецця ў вярхоўі нераставой ракі, зроблены праходы ў бабровых плацінах на нераставых ручаях згодна з ахоўнымі абавязкамі. Астравецкае раённае таварыства паляўнічых і рыбаловаў спрыяе зніжэнню колькасці бабровых пасяленняў на нераставых ручаях.
З сярэдзіны кастрычніка арганізавана валанцёрскае патруляванне рэк. Валанцёры АПБ і рыбалоўных клубаў Перакат і БРІК знаходзяцца на рэках круглыя суткі. Актыўныя памагатыя ў патруляванні — сябры турысцка-экалагічнага клуба “Выток”. Патруляванне арганізавана сумесна з Зялёнай сеткай і Групай аховы Немана.
Пад час аднаго з валанцёрскіх выездаў адбылася сустрэча з памежнікамі Кемелішскай пагранзаставы. Прадстаўнікі АПБ распавялі памежнікам пра існуючыя праблемы для захавання кумжы і сёмгі ў Беларусі, пра асаблівасці іх экалогіі. Супрацоўнікі памежнай службы нагадалі ўдзельнікам пра правілы знаходжання ў пагранзоне, былі абмеркаваны пытанні ўзаімадзеянняў у выпадках выяўлення парушэнняў заканадаўства ў пагранзоне.
— Патруляванне пачалося ў час, — адзначае рэгіянальны каардынатар АПБ Анатоль Лоўкіс. – У гэтым годзе нізкі ўзровень вады ў рэках, што ўплывае на інтэнсіўнасць нерасту. Але ўжо зафіксаваны паспяховы нераст каля 15 асобін кумжы. Патруляванне праходзіць пастаянна, асноўны лагер добра абсталяваны, што дазваляе знаходзіцца ў ім працяглы час. Валанцеры зацікаўлены аховай рыбы. Дарэчы, сярод іх шмат сумленных аматараў-рыбаловаў. Ёсць і тыя, хто прымае ўдзел не першы раз, ёсць і новыя людзі. Большасць з іх пранікліся ідэяй і збіраецца прыняць удзел у лагеры і на наступны год.
На “вялікіх выходных” 7-9 лістапада удзельнікі Мінскага роварнага таварыства ўпершыню здзейснілі “велапатруль”, аб’ехаўшы на веласіпедах асноўныя рэкі. Павел Гарбуноў, адзін з удзельнікаў, падзяліўся сваімі ўражаннямі.
— Хацелася даследваць новы для мяне куток Беларусі, пасядзець каля маленькіх рачулак ды пабачыць гэткае дзіва – ласося — амаль што госця ў нашых месцах. Але ж які гэта госць, калі ён тут нарадзіўся. То наш зямляк! Цікава было апробаваць ровар – бо ён дае хуткасць, мабільнасць. Якраз усё тое, што ёсць у ласося. Можна хутка пераехаць на суседнія ручаі, паглядзець, ці адбываецца нераст там.Вельмі моцна запомнілася, як мы ехалі ноччу ў цемры пад халодным дажджом па дарозе 10 кіламетраў. Цікавыя былі адчуванні ў той момант.
Сябры, нагадваем, што патруляванне працягваецца да сярэдзіны снежня, яшчэ ёсць час далучыцца да цікавай і карыснай справы! Падрабязней – тут.
Вольга Лукшыц, супрацоўнік па прыродаахоўных пытаннях АПБ
Фота- Вольга Лукшыц, Валерый Карпук
Падзяліся артыкулам у сацсетках: