Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў — першы акадэмік-арнітолаг Беларусі!

ад 26 лістапада 2014 года

Пад час сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі акадэмікам Нацыянальнай Акадэміі навук нашай краіны быў абраны Міхаіл Нікіфараў – першы прэзідэнт АПБ і доўгі час чалец Савета АПБ. Шчыра віншуем Міхаіла Яфімавіча!

Віншуем Міхаіла Нікіфарава – пад час сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі 13 лістапада ён быў абраны акадэмікам Нацыянальнай Акадэміі навук нашай краіны. 

Міхаіл Нікіфараў каля помніка марадунцы ў Тураве. Фота – Д. Вінчэўскі

Міхаіл Яфімавіч нарадзіўся ў 1956 годзе ў м.Наваельня Дзятлаўскага раёна на Гарадзеншчыне. Ў 1978 годзе скончыў біяфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Яшчэ пад час вучобы, ў 1977 г., пачаў працаваць у Інстытуце заалогіі АН БССР і прайшоў там шлях ад старэйшага лабаранта да дырэктара Інстытуту. Ў 2006 годзе паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную фарміраванню і сучаснай структуры арнітафауны Беларусі. З 2007 г. – прафесар, з 2009 —  чалец-карэспандэнт НАН Беларусі. Апошнія гады (з 2007) працуе генеральным дырэктарам Навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах НАН Беларусі.

Аўтар і сааўтар больш 200 навуковых публікацый, у тым ліку 10 манаграфій і кніг, прысвечаных асаблівасцям біялогіі, экалогіі, распаўсюджання і зменаў колькасці, разнастайным аспектам рассялення і аховы птушак Беларусі.

Паспяховае станаўленне і дзейнасць АПБ як мінімум у першае дзесяцігоддзе непарыўна звязаны з асобай Нікіфарава. Ен быў першым прэзідэнтам АПБ (на працягу двух тэрмінаў), а потым доўгі час чальцом Цэнтральнага Савету.

Дарэчы, перад тым, як ачоліць АПБ, Міхаіл Нікіфараў быў прэзідэнтам аднаго з папярэднікаў гэтай арганізацыі – Беларускага арніталагічнага таварыства.

— Міхаіл Яфімавіч працаваў у даволі няпросты час станаўлення АПБ як арганізацыі,— адзначае старшыня Савета АПБ Аляксандр Вінчэўскі. – Калі я быў першым дырэктарам АПБ, ён увесь час дапамагаў і парадамі, і падтрымкай, доўгі час уваходзіў у рэдкалегію нашага часопіса “Птушкі і мы”. Ён заўсёды вельмі блізка ўспрымае арганізацыю, як дзіця. Заўсёды хваляваўся за яе, хвалюецца і зараз.  Не гледзячы на тое, што ён адышоў ад кіравання АПБ і зараз не ўваходзіць у склад Савета, Міхаіл Яфімавіч заўсёды гатовы адкласці свае справы і дапамагчы нам. Ен застаецца сапраўдным старэйшым таварышам АПБ.

Шчыра віншуем Міхаіла Яфімавіча з дасягнутай вышынёй і спадзяемся, што з яе яшчэ больш эфектыўна будуць вырашацца праблемы вывучэння і захавання нашых птушак і не толькі іх. Новых поспехаў на карысць нашай прыроды і людзей!

Па матэрыялах www.birdwatch.by



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: